За апошнія тры гады ў Гродзенскай вобласці засталося 11 атэставаных гідаў-перакладчыкаў з 20. Пры гэтым і турыстаў, і экскурсаводаў стала больш.
У Гродне засталося ўсяго сем гідаў-перакладчыкаў, і яшчэ два працуюць у Гродзенскім раёне. Яны і павінны задаволіць попыт на экскурсіі на розных мовах на Аўгустоўскім канале, у Свяцку і іншых месцах, расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі «Гродзенскай праўдзе». Прычына скарачэння колькасці гідаў-перакладчыкаў простая — 80% замежных турыстаў цяпер прыязджаюць у Гродна з Расіі.
У той жа час колькасць экскурсаводаў у вобласці з 2021 года вырасла са 122 да 161. Зараз у Гродне працуе 81 экскурсавод, 16 — у Навагрудскім раёне і 14 — у Лідскім. Па колькасці экскурсаводаў Гродзенскую вобласць чатыры гады запар у Беларусі апярэджвае толькі Мінск.
З студзеня па кастрычнік 2024 года Гродзенскую вобласць наведала больш за 800 тысяч турыстаў. Чыноўнікі ўпэўнены, што ў 2025 годзе асноўны турыстычны паток будзе ісці з Расіі, Кітая і Узбекістана.
Праца па іншых правілах
З 1 студзеня 2023 года пачалі дзейнічаць новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць адпаведную атэстацыю. Па новых правілах гіды абавязаны мець пры сабе пералік тэм экскурсій, якія яны абаранілі, а таксама бэйдж, тэрмін дзеяння якога пяць гадоў. Таксама ў 2024 годзе экскурсаводам і гідам-перакладчыкам у Беларусі вырашылі забараніць займацца экскурсійнай дзейнасцю, калі раней іх судзілі па «палітычным» артыкуле — нават калі з іх знялі судзімасць або спынілі пераслед.
У 2024 годзе 40 чалавек з Гродзенскай вобласці падалі заяўкі на атэстацыю, з іх паспяхова яе прайшлі 22. Атэстацыя ўключае тэарэтычны блок і абарону тэксту турыстычнага маршруту.
З 2025 года экскурсаводы будуць атрымліваць бэйджы новага ўзору з QR-кодам, які змяшчае інфармацыю пра гіда і экскурсію. Супрацоўнікам музеяў атэстацыя не патрэбна, але акрэдытацыя патрабуецца, калі яны хочуць праводзіць экскурсіі за межамі музея.
Чытайце таксама: У Гродне судзілі экскурсавода за «незаконныя» экскурсіі — забралі 220 рублёў