«Малочны Мір» абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ведамства ўбачыла ў сырках прапаганду нацызму. Выраб сыркоў серыі «Деѕѕерт» спынілі.
У МАРГ разглядзелі зварот наконт глазураваных сыркоў «ДеЅЅерт вішнёвы браўні» ад «Малочнага Міру». Увагу прыцягнулі стылізаваныя літары SS у назве. МАРГ накіравала матэрыялы ў органы ўнутраных спраў. Упакоўку сыркоў таксама абмеркавалі на Гродзенскай абласной камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі.

У выніку УУС накіраваў вытворцу прапанову аб змене назвы. Вытворчасць глазураваных сыркоў з такой назвай спынілі.
У лімітаваную серыю «ДеЅЅерт» уваходзілі таксама сырок «Яблычны штрудель» і пламбір з такой жа назвай. Серыю анансавалі яшчэ ў канцы кастрычніка. На сайце вытворцы прадукцыю серыі ўжо прыбралі з каталога. На сэрвісе edostavka сырка з вішняй ў наяўнасці няма, а вось «Яблычны штрудель» яшчэ можна купіць. Яго кошт — 1,16 р.
