Уявіце сітуацыю — вы зайшлі ў тралейбус і адкрылі дадатак банка, каб аплаціць праезд. Ён «завіс» і плацёж не паспеў прайсці. А ў дзвярах — кантралёр, які не паверыў вашым словам. Такі кейс апісалі беларускія праваабаронцы і распавялі, што можна зрабіць.

У бягучым кейсе на просьбы аплаціць наяўнымі кантралёр адмовіў. Купіць білет у кіроўцы не пусціў, закрыўшы целам праход. Але з тралейбуса беларуску таксама не выпусцілі. Выклікалі міліцыю, склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні за безбілетны праезд і сказалі аплаціць штраф. Што яна і зрабіла. Але зацікавілася — ці можна абскардзіць яго і разабрацца ў сітуацыі?

«Абскардзіць пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні ў любым выпадку можна. Парадак залежыць ад таго, ці прызнавалі віну. Калі пастанова вынесена ў парадку арт.10.3 ПВКаАП, яна ўступае ў сілу неадкладна. За абскарджаннем у гэтым выпадку трэба звяртацца да пракурора. Калі віну не прызналі, тады трэба глядзець дакументы», — тлумачаць праваабаронцы.

Яны адзначаюць, што калі вы не згодныя з дзеяннямі кантралёраў і лічыце, што яны былі грубыя і парушылі вашы правы, можна адправіць скаргу. Яе трэба падаць у Мінсктранс (калі справа была ў Мінску) або ў Міністэрства транспарту.

Чытайце таксама: Можна будзе і вучыцца: у Гродна прывезлі новыя тралейбусы, некаторыя — незвычайнай канструкцыі