Гродзенец Сяргей Цераховіч працаваў на беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Брузгі». Зараз яму пагражае да 15 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве». Агулам апошнія тры гады паводле гэтага артыкулу судзілі амаль 100 чалавек, з іх палову — у мінулым годзе.
Мужчыну 42 гады. Да канца 2016 года Цераховіч займаў пасаду старшага тэхніка ў памежнай часці 2141, якая абслугоўвала пункт «Брузгі» на мяжы з Польшчай, піша «Наша Ніва» са спасылкай на «Белпол». Служба завяршылася інцыдэнтам, калі Цераховіч самастойна адчыніў шлагбаум і дазволіў выезд невядомай жанчыне з прозвішчам Цераховіч. Ці была гэта ягоная сваячка, невядома.
Пасля 2016 года Сяргей сышоў у бізнес і стаў дырэктарам фірмы рытуальных паслуг «Севіры Сэрвіс». Таксама ў мужчыны ёсць ІП для вядзення паштовай і кур’ерскай дзейнасці.
Судовы працэс супраць Цераховіча паводле ч. 1 арт. 356 КК пачнецца 17 лютага 2025 года ў Гродзенскім абласным судзе.
Асудзілі амаль 100 чалавек
Паводле звестак праваабаронцаў, у 2024 годзе за «здраду дзяржаве» асудзілі 47 чалавек, у 2023 — 30 чалавек, у 2022 — 11 чалавек.
У 2023 годзе ў Крымінальны кодэкс унеслі змены. Зараз згодна з ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса «Здрада дзяржаве, учыненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца», караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў са штрафам або без штрафу, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем. Максімальнае пакаранне паводле ч. 1 — 15 гадоў калоніі.
Каго судзяць за «здраду»
Летась у Гродне за «здраду дзяржаве» на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі курсанта Акадэміі МУС, 21-гадовага Іллю Нарышкіна, асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яго абавязалі выплаціць штраф у 24 тыс. руб. (600 базавых велічынь). Паводле таго ж артыкула асудзілі былога дырэктара шклозавода «Нёман» і дзяржаўнага функцыянера Ігара Бацяна. Яго прыгаварылі да 12 гадоў калоніі. У 2023 годзе дальнабойшчыку з Ліды і палітвязню Валерыю Троцкаму далі 12 гадоў калоніі, а былому сілавіку, інспектару крымінальна-выканаўчай сістэмы гродзенскага РАУС Андрэю Шкляру — 10 гадоў. Як правіла, суды паводле гэтага артыкула праходзяць у закрытым рэжыме.
Суды над мытнікамі
Сёлета 14 лютага ў Мінскім гарадскім судзе паводле таго ж артыкула будуць судзіць 29-гадовага былога мытніка Віктара Вараб’ёва, паведамляюць праваабаронцы з «Вясны». Акрамя «здрады дзяржаве», мужчыну вінавацяць яшчэ паводле чатырох артыкулаў, тры з якіх «палітычныя»: «перавышэнне службовых паўнамоцтваў», «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні», «грубае парушэнне грамадскага парадку». Год таму судзілі адразу трох супрацоўнікаў мытнай службы Яўгена Гурыновіча, Віктара Новіка, Уладзіміра Журомскага. Іх судзілі агулам па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «здрада дзяржаве», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «перавышэнне службовых паўнамоцтваў», «распальванне іншай сацыяльнай варожасці», «удзел у экстрэмісцкім фармаванні».