Палітэмігрантцы Іне Шырокай у Беларусі вырашылі узмацніць пакаранне. Палітвязня Дзяніса Івашына пазбавілі тэлефоннага званка. У кватэру да блогера Vadimati з ператрусам прыйшлі сілавікі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 27 студзеня па 3 лютага.
Палітэмігрантцы Іне Шырокай у Беларусі ўзмацнілі пакаранне
Суд «Аб замене абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу» прайшоў 28 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Суддзя — Вольга Купрыянчык, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Іна — былая загадчыца кавярні «Хотфікс» і маці пецярых дзяцей з Гродна. Яе асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту. Іна з’ехала з Беларусі ў жніўні 2022 года.
Новыя санкцыі
Вялікабрытанія ўвяла новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Пад іх у ліку іншых трапілі начальнік папраўчай калоніі № 11 у Ваўкавыску Віктар Дуброўка і начальнік турмы № 1 у Гродне Павел Казакоў.
У Наваградку распачатыя крымінальныя справы за абразу Лукашэнкі
Намеснік начальніка Навагрудскага РАУС Андрэй Калеснік паведаміў аб узбуджэнні дзвюх крымінальных спраў па арт. 368 КК РБ, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Асенка Юрый, жыхар Навагрудка, у жніўні 2020 года размясціў на сваёй старонцы ў «Аднакласнікі» паведамленне, якое змяшчае абразы на адрас Лукашэнкі. 24 студзеня ў Юрыя прайшоў адміністрацыйны суд паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Рашэнне суда невядома.
Грамадзянін М., жыхар Навагрудскага раёна, 2 студзеня 2024 года здзейсніў званок на лінію «102» Лідскага РАУС і падчас размовы з супрацоўнікам АУС выказваў абразлівыя выказванні ў адрас Лукашэнкі.
Новая экстрэмісцкая інфармацыя
- Instagram-акаўнт «plan.it.b2020» і яго лагатып (па рашэнні суда Астроўскага раёна 23 студзеня),
- Instagram-акаўнт «cyber_resistenza» і яго лагатып (па рашэнні суда Астроўскага раёна 23 студзеня),
- Instagram-акаўнт «pixel.svabody» і яго лагатып (па рашэнні суда Астроўскага раёна 23 студзеня),
- Telegram-канал «Легион ГУР МО | DIU Legion» і яго візуальны матэрыял (па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 29 студзеня).
Жыхара вобласці судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Па арт 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» судзілі жыхара Гродна.
Палітвязня Дзяніса Івашына пазбавілі тэлефоннага званка
Апошні раз ён патэлефанаваў блізкім 12 лістапада. У снежні і студзені званкоў не было.
«Прычынаў адсутнасьці тэлефанаваньняў мы ня ведаем, але, відавочна, што яны не тэхнічныя, бо тады б Дзяніс напісаў пра іх у лісьце ці паштоўцы. Імаверна, наш ваяр зь нейкае нагоды быў пазбаўлены штомесяцовага званка як мінімум у сьнежні мінулага году (а магчыма і ў студзені) і нават ня можа пра гэта паведаміць нам», — напісала яго жонка Вольга.
У кватэру да блогера Vadimati з ператрусам прыйшлі сілавікі
Пра ператрус у экс-палітвязня Вадзіма Ермашука паведамілі Telegram-каналы, звязаныя з сілавікамі. Яны сцвярджаюць, што ператрус звязаны з удзелам у акцыях у Варшаве, прымеркаваных да прэзідэнцкіх выбараў. Вадзім сапраўды паказваў сторыс з маршу. Інфармацыю пра ператрус пацвердзіла і крыніца Hrodna.life.
У Гродне завялі спецвытворчасць на саўладальніка офісніка, дзе знаходзіцца польскае консульства
Бізнэсоўца Станіслава Буйніцкага абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у значнай суме. ТАА «Форт», у якім ён адзін з саўладальнікаў, валодае будынкам на Будзёнага, 48а, дзе знаходзіцца Генеральнае консульства Польшчы. Сам 72-гадовы Буйніцкі з 1999 года жыве ў Беластоку.