Пра ператрус у экс-палітвязня Вадзіма Ермашука паведамілі Telegram-каналы, звязаныя з сілавікамі. Яны сцвярджаюць, што ператрус звязаны з удзелам у акцыях у Варшаве, прымеркаваных да прэзідэнцкіх выбараў. Вадзім сапраўды паказваў сторыс з маршу. Інфармацыю пра ператрус пацвердзіла і крыніца Hrodna.life.
Следчы камітэт ідэнтыфікаваў 365 удзельнікаў акцый за мяжой. Яны паведамілі, што 26 студзеня «для імітацыі падтрымкі экстрэмісцкіх ячэек, якія знаходзяцца ў бягах, у розных краінах былі арганізаваныя малалікія вулічныя акцыі». Яны прайшлі ва Уроцлаве, Варшаве, Беластоку, Вільні, Нью-Ёрку і Празе.
На ўдзельнікаў акцый абяцалі завесці завочныя крымінальныя справы. У іх правяраюць маёмасць і нерухомасць.
Раней стала вядома, што на падставе пастановы следчага ў блогера Vadimati арыштавалі маёмасць у Беларусі.