На скрыжаванні вуліц Дзяржынскага і Белыя Росы пабудуюць новы гандлёвы цэнтр. Участак праектавання адносіцца да свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”. Ужо вядомыя асноўныя арандатары будынка. Будаўніцтва павінны скончыць да траўня 2025 года.

Месцы на першым паверсе ў будучым гандлёвым цэнтры ўжо прапануюць у арэнду, цана – дагаворная. Усяго там будзе 20 паасобных памяшканняў са свабоднай планіроўкай. Гандлёвы цэнтр будзе працаваць у фармаце дысконту. Асноўнымі арандатарамі будуць супермаркет “Маяк” – ён зойме плошчу 1200 кв. м, і дыскаўнтар “Светофор” на плошчы 900 кв. м.

Агульная плошча двухпавярховага будынка складзе 4,53 тыс.кв. м. У будынку будзе ліфт, відэаназіранне, побач – паркоўка. Аўтар праекта – кампанія  «Интелсток инжиниринг».

Гандлёвы цэнтр будуе кампанія “ГЦ 1695”. Асноўны від дзейнасці – здача ў наём ўласнай і арандаванай нерухомай маёмасці. Кампанія таксама з’яўляецца забудоўшчыкам гандлёвага цэнтра ў Грандзічах-1 ля скрыжавання вуліц Макаравай і Глухава і запланаванага Grandichi Mall на скрыжаванні Макаравай і Старамалышчынскай.

Раней планавалі, што гандлёвы цэнтр на Дзевятоўцы з’явіцца да канца 2024 года. У аб’яве аб арэндзе тэрмін уводу ў эксплуатацыю – май 2025 года.

Чытайце таксама: