Міліцыя Гродна шукае пастаўшчыка абедаў у ізалятар часовага ўтрымання Кастрычніцкага РУУС. З 2011 года ежу туды пастаўляла кафэ «Шансон», якое знаходзіцца па суседстве з ІЧУ на вул. Гая. У свой час некаторыя «палітычныя» затрыманыя на іх ежу скардзіліся, а кафэ тлумачыла Hrodna.life, чаму абавязаныя выконваць указанні сілавікоў.

УУС Гродзенскага аблвыканкама праводзіць запыт цэнавых прапаноў. З лютага да канца 2025 года на гэта з бюджэту краіны плануюць выдаткаваць 118 272 рублі. Сума разлічана на 13 200 сутачных порцый. Іх колькасць можа мяняцца ў залежнасці ад таго, колькі арыштаваных будуць у ізалятары.

Ежу трэба дастаўляць тры разы на дзень, але можна дамовіцца і на раз. Яе павінны дастаўляць у спецыяльных тэрмасах.

Хто складае меню для ІЧУ?

На колькасць і асартымент страў ўплываюць дзве рэчы:

  • нормы харчавання па пастанове Савета Міністраў ад 25.03.2021 № 169,
  • грашовая норма, устаноўленая Міністэрствам фінансаў.

Цяпер гэта — 6,40 рубля за суткі на аднаго чалавека. Для параўнання — на харчаванне госця «Марафону адзінства» трацілі 25,35 рубля ў дзень, у 4 разы больш. Грашовая норма усталёўваецца без уліку гандлёвай нацэнкі. З нацэнкай сума не павінна перавышаць 8,96 рубля. За 4,5 года яна вырасла на 3 рублі.

Нормы харчавання вызначылі пастановай Савета Міністраў ад 25.03.2021 N 169 (рэд. ад 31.08.2021) «Аб устанаўленні нормаў харчавання і нормаў забеспячэння сродкамі асабістай гігіены асобных катэгорый грамадзян».

Згодна з імі, у меню няма свежай садавіны — толькі сушаная. Ёсць мясцовая гародніна. Больш за ўсё зняволеных атрымліваюць бульбы (500 грам) і хлеба (250 і 200 грам).

Нормы питания для заключенных. Скриншот с постановления СовМина
Нормы харчавання для зняволеных. Скрыншот з пастановы Саўміна