Вядучая «Марафону адзінства» Анастасія Кісель, студэнт года і дэлегат Усебеларускага народнага сходу, павінна была атрымаць 402 рублі за выступ. А яе кампаньён Пётр Касіцкі, першы сакратар Гродзенскага гарадскога камітэта «БРСМ», — 536 рублёў, гэта значыць, на 134 рублі больш. Рэдакцыя Hrodna.life папрасіла пракаментаваць сітуацыю юрыста праекта «Удобный город».

 — Я не падводзіла дакладнай статыстыкі, але ў маёй прафесійнай дзейнасці я заўважыла, што пры аднолькавых ўводных дадзеных (аднолькавы вопыт, роўныя званні, і г.д) аплата мужчынам (акцёрам, вядучым) была вышэй, чым жанчынам. Ніякага разумнага абгрунтавання пры гэтым не было, — распавяла юрыстка.

Мужчыны ў Беларусі зарабляюць больш жанчын. Розніца, як правіла, складае 20−25%, піша smartpress.by са спасылкай на намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова.

Ён адзначыў, што, згодна з законам, у Беларусі забароненая дыскрымінацыя па ўзроўні аплаты працы па гендэрнай прыкмеце, а прычына розніцы ў заробках — гэта від дзейнасці. Паводле яго звестак, жанчыны працуюць больш у бюджэтнай сферы, дзе заробкі ніжэйшыя, чым на вытворчасці або ў прыватным сектары.

Якія яшчэ парушэнні былі ў працэдуры

Ганарары вядучых «Марафону адзінства» сталі вядомыя з запыту, які напярэдадні акцыі апублікаваў Гродзенскі гарадскі цэнтр для забеспячэння дзейнасці ўстаноў сферы адукацыі.

Юрыстка «Удобного города» адзначае, што заяўка аб прадастаўленні звестак — гэта не працэдура закупкі. Прасцей кажучы, гэта збор інфармацыі. Пасля запыту заказчык не абавязаны заключаць дагавор. Яго выкарыстоўваюць для вызначэння арыентыровачнай цаны, напрыклад, для маніторынгу цэн пры закупцы з адной крыніцы.

У яе паўсталі пытанні да змесціва запыту:

  • У ім пазначаны імёны і прозвішчы вядучых. Канкрэтнага вядучага як творчую адзінку можна выбраць толькі ў творчым конкурсе пры закупцы на падставе п. 18 Закона «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)». Гэта значыць, пазначэнне прозвішчаў - гэта парушэнне. У выпадку конкурсу гэта было б магчыма, але ў дадзеным выпадку заказчык не меў права яго праводзіць. Такое права маюць, напрыклад, музей, клуб або іншая ўстанова культуры.
  • Пры жаданні заказчыка дадаць кваліфікацыйныя патрабаванні і/або вопыт трэба было праводзіць працэдуру «адкрыты конкурс». У ім можна было б усталяваць бальную ацэнку і такім чынам адабраць жаданага вядучага.
  • Пры закупцы на падставе п. 9 павінны быць параметры якасці, аб’ёму і кошт паслугі. Гэта значыць, любы жадаючы правесці мерапрыемства можа ўдзельнічаць. Адбор павінен быць па кошту паслугі.

Ці будзе адказнасць за парушэнне закона, невядома.

Чытайце таксама: Ваенкамат Гродна праводзіў закупкі з парушэннямі: набываў канцылярыю ў некалькі разоў даражэй