У Гродзенскай універсітэцкай клініцы правялі майстар-клас для медыкаў, часткай якога стала аперацыя па памяншэнні страўніка пацыенту з вагой 180 кг. Праз атлусценне мужчына таксама пакутаваў на апноэ — прыпыненне дыхання падчас сну.
Майстар-клас арганізавалі спецыялісты Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Спачатку яны прачыталі даклады на аснове практыкі для супрацоўнікаў клінікі, аспірантаў, інтэрнаў і студэнтаў ГрДМУ. Другой часткай сталі сумесныя з гродзенскімі хірургамі дзве аперацыі мінігастрашунтавання. Пацыентамі былі мужчына вагой 180 кг і жанчына вагой 120 кг. Абодва пацыенты — маладзейшыя за 40 гадоў. Урачэбны кансіліум рэкамендаваў ім мінігастрашунтаванне, бо іншыя метады зніжэння вагі апынуліся для іх неэфектыўнымі.
Мужчына праз залішнюю масу цела таксама пакутаваў на сіндром абструктыўнага апноэ сну. З гэтай прычыны пасля аперацыі ён суткі правёў у рэанімацыі. На наступны дзень мужчына прыйшоў у прытомнасць і змог самастойна сядзець у ложку. Яго выпісалі, але пакінулі пад назіраннем адмыслоўцаў.
Як гэта працуе
Мінігастрашунтаванне — адзін з метадаў барыятрычнай хірургіі, хірургічнага лячэння атлусцення. Сутнасць аперацыі заключаецца ў памяншэнні аб’ёму страўніка і выключэнні часткі тонкага кішачніка з працэсу стрававання. Гэта зніжае колькасць спажыванай ежы і памяншае ўсмоктванне пажыўных рэчываў. Такія аперацыі рэкамендуюць пацыентам з індэксам масы цела вышэй за 40 або ад 35 пры наяўнасці спадарожных захворванняў, напрыклад дыябету ці апноэ. Поспех лячэння патрабуе ад пацыента змены ладу жыцця, звычак у харчаванні і выканання ўсіх рэкамендацый лекара.
У Гродне памяншаюць страўнікі з мінулага года
Метады барыятрычнай хірургіі ў свеце прымяняюць з 1966 года. У Беларусі першыя такія аперацыі пачалі праводзіць у 2008 годзе. У Гродзенскай універсітэцкай клініцы барыятрычная хірургія з’явілася ў 2024 годзе. Гродна стаў другім горадам пасля Мінска, дзе заняліся гэтым кірункам. Часцей за ўсё тут выконваюць мінігастрашунтаванне і падоўжную рэзекцыю страўніка (фармаванне страўнікавай трубкі на 60−150 мл праз выдаленне большай часткі страўніка для змяншэння апетыту). Пры любым метадзе чалавек можа пазбавіцца ад 40−90% лішняй вагі.
Хаця такія аперацыі лічацца адносна бяспечнымі, цалкам выключыць рызыкі немагчыма. Так, летам 2024 года ў Гродне пасля барыятрычнай аперацыі памерла жанчына. У яе засталося маленькае дзіця. Публічна выпадак не каментавалі.