Гродзенскі абласны драмтэатр шукае дзевяць новых супрацоўнікаў. Палова вакансій звязана з кіруючымі пасадамі. На недахоп кадраў ва ўстанове звярнуў увагу былы акцёр Тэатра лялек і шоумен Аляксандр Енджэеўскі - скрыншот з вакансіямі ён апублікаваў у сваім Instagram.

У тэатр патрабуюцца намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці, галоўны рэжысёр, галоўны мастак, галоўны бухгалтар, мастак па свеце, інжынер-энергетык, інжынер па пажарнай бяспецы, машыніст сцэны і прыбіральнік памяшканняў.

Спіс вакансій з’явіўся на сайце тэатра, а таксама ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій.

Супрацоўнікаў для тэатра шукаюць гадамі

Пасада намесніка дырэктара тэатра вакантная з верасня 2024 года. Тады Дзмітрыя Чыліка, які займаў гэтую пасаду, пачалі судзіць за хабар, а ягоныя дадзеныя зніклі з сайта тэатра. У выніку Чыліку прысудзілі пяць гадоў калоніі на падставе арт. 430 ч. 2 КК (атрыманне хабару ў буйным памеры).

Галоўнага рэжысёра для тэатра не могуць знайсці ўжо пяць гадоў. У 2020 годзе пасля двух вымоваў звольнілі галоўнага рэжысёра Генадзя Мушперта і рэжысёра-пастаноўшчыка Сяргея Курыленку. Неўзабаве на замену Курыленку са Слоніма прыйшоў Сяргей Яскевіч.

Чытайце таксама: Чаму ў Гродне стала складана знайсці супрацоўнікаў культуры?