Навіны

Каля «Прывалкі» з’явілася «Лінія Хрэніна»: акопы для тэхнікі і пяхоты вырылі каля самай літоўскай мяжы

Фартыфікацыйныя збудаванні з’явіліся каля Гожскага палігону, у 6 км ад мяжы з Літвой і закрытага зараз памежнага пераходу «Прывалка» («Райгардас»). Іх добра відаць на спадарожнікавых здымках. Пра што яны сведчаць, расказалі эксперты.

Здымкі зрабіла кампанія Planet Labs 14 снежня 2024 году каля паўночна-заходняй часткі палігону. Іх прааналізавала «Радыё Свабода».

Спадарожнікавы здымак акопаў на ўсход ад дарогі на памежны пераход «Прывалка». Крыніца: «Радыё Свабода»
Спадарожнікавы здымак акопаў на захад ад дарогі на памежны пераход «Прывалка». Крыніца: «Радыё Свабода»

У лістападзе 2024 года на ўсходнім баку дарогі да памежнага пункта «Прывалка» вайскоўцы выкапалі траншэю даўжынёй 340 м і шырынёй 5−7 м. У ёй можа праехаць танк. Паводле зямельнага кадастру, гэты ўчастак не належыць да тэрыторыі палігона.

На заходнім баку дарогі выкапалі пяхотныя акопы даўжынёй каля 200 м, а таксама там бачныя асобныя ўмацаванні і яміны.

Спадарожнікавы здымак, на якім бачныя акопы паабапал дарогі на памежны пераход «Прывалка». Справа ўнізе — паўночна-заходняя частка Гожскага палігону (пазначана аранжавым). Злева — тэрыторыя заказніку «Гродзенская пушча» (шэрым). Крыніца: «Радыё Свабода»
Спадарожнікавыя здымкі тэрыторыі каля Гожскага палігону. Белым пазначаныя кавалкі лесу, якія пацярпелі ад пажараў у 2019 годзе, большая частка іх адносіцца да заказніка «Гродзенская пушча». Аранжавым — месцы, дзе з’явіліся акопы. Крыніца: «Радыё Свабода»

Акопы ў заказніку

Тэрыторыя, дзе з’явіліся ўмацаванні, уваходзіць у рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Гродзенская пушча», створаны для аховы каштоўнага ландшафту, экалагічных сістэм, рэдкіх раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу.

Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што капанне акопаў у заказніку актыўна пачалося на мяжы 2022 і 2023 гадоў - пасля пачатку вайны ва Украіне. У 2019 годзе засуха і вучэнні на палігоне прывялі да пажару, які пашкодзіў 770 гектараў лесу. Пасля высечкі і зачысткі пашкоджаных тэрыторый заказніка, бліжэй да палігона, у 2022−2024 гадах з’явіліся акопы.

Эколяг назваў акопы даўжынёй 200 м значнай праблемай для жывёл, бо ў іх падаюць і гінуць дробныя жывёлы, а больш буйныя, напрыклад ласі, могуць калечыцца. Выходзячы на асфальт, каб іх абысці, жывёлы рызыкуюць трапіць у аварыі. Акопы размешчаныя на краі заказніка і не закранаюць яго асноўных каштоўнасцяў. Работы такога кшталту ў заказніках забароненыя, акрамя выпадкаў, звязаных з аховай мяжы.

Гэта можа быць частка «вузла супраціву»

Трэці на тэрыторыі Беларусі «вузел супраціву» планавалі ствараць у 2024 годзе як раз у Гродзенскай вобласці. Папярэднія два ўжо з’явіліся ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях у 2023 годзе.

Вузел супраціву — гэта ўчастак мясцовасці, які падрыхтаваны да кругавой абароны і аўтаномнага вядзення баявых дзеянняў нават ва ўмовах адсутнасці сувязі. Таксама няма неабходнасці дастаўляць туды бояпрыпасы і харчаванне. Акрамя гэтага, там ёсць месцы для ўкрыцця асабовага склада, вайсковай тэхнікі і ўзбраення, каб яно было незаўважна няўзброеным вокам.

У Беларусі такія вузлы супраціву запланавалі ствараць у 2023 годзе на найбольш важных накірунках. Абсталяваннем «вузлоў» у большай ступені займаюцца мясцовыя органы ўлады, пасля перадаюць на баланс у тым ліку Узброеных сіл. «Вузлы» вырашылі ўзводзіць на фоне вайны ва Украіне і росту напружання на мяжы з NATO. Памежныя краіны блока, такія як Польшча, Літва ці Фінляндыя, узмацняюць абарону, баючыся нападу з боку Расіі. Беларуская прапаганда падае гэта як нарошчванне ўзбраенняў і агрэсію ў бок Беларусі.

Пра што сведчаць умацаванні? Адказалі эксперты

Прычыны будаўніцтва фартыфікацый могуць быць розныя, лічыць Конрад Музыка, абаронны аналітык, дырэктар кампаніі Rochan Consulting, якая займаецца даследаваннем і аналізам канфліктаў і бяспекі на постсавецкай прасторы. Па-першае, гэта адпавядае планам беларускага вайсковага камандавання ўмацоўваць межы з Польшчай і Літвой. Па-другое, беларускія вайскоўцы вывучаюць вопыт вайны ва Украіне, дзе значная роля адводзіцца абарончым пазіцыям і акопам. Такім чынам, гэта можа быць частка падрыхтоўкі ўзброеных сіл да магчымых баявых дзеянняў.

Некалькі вайсковых экспертаў, прааналізаваўшы выявы акопаў, згадзіліся, што яны могуць выкарыстоўвацца для абароны ад магчымай атакі з боку Літвы. Таксама яны могуць выкарыстоўвацца для трэніровак беларускіх вайскоўцаў, мяркуе Музыка.

Траншэі абапал дарогі скіраваныя ў бок Літвы, але выглядаюць незавершанымі. Дакладнае прызначэнне шырокай траншэі з усходняга боку дарогі экспертам пакуль незразумелае. У ёй не пабачылі «асаблівага вайсковага сэнсу» з прычыны незвычайнай формы і структуры. Тэарэтычна яе можна выкарыстоўваць як супрацьтанкавы роў, лічыць вайсковы эксперт Міхаіл Жырахаў.

Будоўля фартыфікацый яшчэ можа быць незавершаная. Траншэю могуць пераабсталяваць: накрыць дахам або стварыць як бы бункер, паставіўшы там вагон, як зрабілі каля Кобрына. Абарончая структура пабудаваная каля палігона, і падобных фартыфікацый раней на мяжы з Літвой не сустракалася, падкрэсліў Музыка. Калі ўмацаванні не будуць пашырацца, гэта можа сведчыць пра іх вучэбны характар.

Пазіцыі за акопамі на заходнім баку дарогі размешчаныя ў лесе, што адпавядае вайсковым правілам абароны, заўважыў Музыка. А вось траншэя на ўсходзе мае слабое прыроднае прыкрыццё, што ўскладняе абарону і адступленне.

14 студзеня 2025 года Міністэрства абароны Беларусі абвясціла пра чарговыя вучэнні на Гожскім палігоне. Яны павінны ўдасканаліць прафесійную падрыхтоўку афіцэраў і прадэманстраваць новыя метады вядзення баявых дзеянняў. Аднак на працягу вучэнняў кадры новых акопаў не былі прадстаўлены.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пекла на зямлі». Гродзенка падзялілася, як працуе кадастравае агенцтва падчас рамонту

Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…

21 лютага 2025

У конкурсе «Гродна Азот» да Дня роднай мовы паўдзельнічалі два пенсіянеры і ідэолаг

Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…

21 лютага 2025

У Польшчы закрылі справу аб давядзенні беларускага экс-палітвязня да самагубства

Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…

21 лютага 2025

Дырэктара прадпрыемства з Ваўкавыскага раёна судзяць за разгалашэнне службовай таямніцы

Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…

21 лютага 2025

Сыркі «Малочнага Міру» не спадабаліся МАРГ — там знайшлі прапаганду нацызму

"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…

21 лютага 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаецца кватэра — сапраўдны постсавецкі олдскул

На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…

21 лютага 2025