Збор за перасячэнне мяжы, як і раней, складае адну базавую велічыню — з 1 студзеня 2025 года гэта 42 рублі. Збор, уведзены ў 2021-м годзе праз пандэмію, скасавалі са студзеня гэтага года, але перадумалі.
Збор зноў трэба будзе аплочваць з 1 лютага 2025 года. Рашэнне абласнога Савета дэпутатаў ад 26 снежня 2024 года № 67 аб вяртанні аплаты апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.
Ад выплаты збору вызваляюцца транспартныя сродкі, на якіх едуць:
- прадстаўнікі дзяржорганаў Беларусі па службовых справах пры наяўнасці дакументаў;
- грамадзяне, якія выязджаюць за мяжу для лячэння, і тыя, якія іх суправаджаюць, пры наяўнасці рашэння камісіі Міністэрства аховы здароўя;
- тыя, хто суправаджае дзяцей, якія едуць на лячэнне ў санаторый, пры наяўнасці дакументаў;
- замежнікі, запрошаныя дзяржорганамі Беларусі для ўдзелу ў мерапрыемствах, пры наяўнасці дакументаў;
- замежнікі і асобы без грамадзянства з дакументамі аб парушэнні фізічнай актыўнасці (75−100%);
- асобы, якія выязджаюць на пахаванне сваякоў, пры наяўнасці дакументаў;
- асобы, якія выязджаюць па рашэннях аб дэпартацыі або высылцы, пры наяўнасці дакументаў.
Збор таксама адмянялі ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях, але вярнулі з 1 лютага без усялякіх тлумачэнняў.
У Гродзенскай вобласці адкрытымі застаюцца пункты пропуску на мяжы з Літвой: Беняконі (Шальчынінкай) у Воранаўскім раёне і Каменны Лог (Мядзінінкай) у Ашмянскім раёне.
Што за збор?
Мясцовы збор за перасячэнне транспартным сродкам дзяржмяжы пры выездзе з Беларусі ўвялі ў 2021 годзе ў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях. У Дзяржпагранкамітэце тады патлумачылі, што збор накіраваны на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй.
Памер збору складае адну базавую велічыню. Рашэнне аб спагнанні платы або адмене збору прымаюць мясцовыя ўлады, ён ідзе ў бюджэт канкрэтнай вобласці. Максімальны памер збору, які могуць увесці абласныя дэпутаты — тры базавыя велічыні. Пры выездзе ў Расію яго аплачваць не трэба.