За частку былой загараднай рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай, просяць усяго ад 35,1 тыс. рублёў. ($ 10 тыс.). Сядзіба размешчана на вуліцы Прагулачнай 15/1. У іншай частцы будынка дагэтуль месцяцца жылыя кватэры.

Паўгода таму — у ліпені 2024 года — за памяшканні былога палаца хацелі мінімум 351 тыс. рублёў.

Прадаюць нежылую часткова мураваную частку будынка, плошчай 271,2 кв.м. Пасля 1945 года яе доўгі час займаў клуб «Сельгастэхнікі» з кіназалай і бібліятэкай.

Будынак прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Прызначэнне памяшканняў не мянялася — у ім можна размясціць культурна-асветніцкую ўстанову. Аўкцыён прызначаны на 16 студзеня 2025 года.

Хутка побач будзе мікрараён

У 2025 годзе непадалёк ад палаца збіраюцца пачаць будаўніцтва новага жылога мікрараёна. Ён паўстане паміж вуліцай Белуша і Румлёўскім праспектам. Раней там на 22 га планавалі збудаваць жытло на 2 тысячы кватэр у высотках, разбіць зялёныя зоны і паркоўкі. Будаўніцтва новага мікрараёна ў Панямуні мусіць забяспечыць жыллём 5 000 чалавек.

Былы каралеўскі палац прадаюць амаль два гады

Упершыню каралеўскую сядзібу выставілі на аўкцыён у красавіку 2023 года — тады стартавая сума лота склала 374 тыс. рублёў. У ліпені 2024 года кошт знізілі да 351 тыс. рублёў, у жніўні цану знізілі да 315 тыс. рублёў, а 17 верасня палац прадавалі ўжо за 175,5 тыс. рублёў - удвая танней, чым напачатку.

Гісторыя сядзібы апошняга караля

Сядзібу ў Панямуні пабудаваў у 1771 годзе ў стылі позняга барока італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Там размяшчалася загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У XIX стагоддзі належала Друцкім-Любецкім, пазней Ляхніцкім. Пасля 1945 года памяшканні аддалі клубу.

Палац быў цагляны, атынкаваны, з чатырохкалонным порцікам на высокім цокалі. Большая частка арыгінальнага будынка не захавалася. Да часткі, якая прадаецца, прыбудаваны двухпавярховы драўляны аб’ём. Там жыве некалькі сем’яў звычайных гродзенцаў.

Сядзіба ў Панямуні ў 1861-1877 гадах на малюнку Напалеона Орды. Крыніца: commons.wikimedia.com
Сядзіба ў Панямуні ў 1861−1877 гадах на малюнку Напалеона Орды. Крыніца: commons.wikimedia.com

Сядзіба стаіць на беразе Нёмана і аточана маляўнічым паркам. Недалёка ад яе знаходзіцца капліца сярэдзіны XIX стагоддзя ў стылі неаготыкі, якую перарабілі пад гараж.