Са студзеня па кастрычнік 2024 года Гродзенскую вобласць наведала больш за 800 тысяч турыстаў. Самымі папулярнымі лакацыямі сталі Стары замак і абласныя прадпрыемствы. Чыноўнікі мяркуюць, што ў 2025 годзе асноўны турыстычны паток будзе ісці з Расіі, Кітая і Узбекістана.
Самыя папулярныя лакацыі ў турыстаў - Стары замак і «Лідскае піва».
У 2025 годзе чыноўнікі будуць арыентавацца на турыстаў з Расіі, Кітая і Узбекістана, распавяла «Гродзенскай праўдзе» намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.
У мінулым годзе самымі наведвальнымі замкамі сталі Стары замак у Гродне, Лідскі, Гальшанскі і Мірскі замкі. Сярод прадпрыемстваў попытам карысталіся «Лідскае піва», «Лідахарчканцэнтраты» і «Мядовы шлях» у Парэччы пад Гроднам — іх наведала больш за 80 тысяч турыстаў.
Беларусы арандавалі жыллё больш чым на 8,8 тысячы начэй у Гродне
Паводле слоў Лідзяевай, на леташнія зімовыя святы Гродна ўвайшоў у пяцёрку гарадоў Беларусі па колькасці забраніраванага жылля.
«Па дадзеных партала „Куфар Нерухомасць“ беларусы летам 2024 года арандавалі жыллё больш чым на 8,8 тысячы начэй у Гродне. Таксама абласны цэнтр уваходзіць у топ-5 напрамкаў для падарожжаў па краіне. Дарэчы, у якасці рэкамендацыі для падарожжаў сябрам, знаёмым ці калегам 11,5 працэнта апытаных часцей за ўсё адзначалі Гродна», — кажа Лідзяева.
Чытайце таксама: Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш