Мост на Фамічова стаў адзіным пакуль у Гродне крытым віядукам. Пешаходны мост паміж жылой забудовай на вуліцы Фамічова і праспекце Кляцкова адкрыюць у канцы студзеня.
Дах на мосце ўжо завяршылі, паведамілі на «Гродно Плюс». 73 м віядука накрылі маналітным полікарбанатам. Зараз ідзе кладка гідраізаляцыі, якая абароніць мост ад карозіі і падоўжыць тэрмін яго службы. Затым на пакрыццё моста пакладуць плітку. Паралельна мантуюць пандус і лесвіцы. На мосце будзе асвятленне — як знешняе, так і ўнутранае падсвятленне. Шырыня моста — 3 м.
![У Гродне з'явіўся адзіны ў горадзе крыты мост. Яго адкрыюць у канцы студзеня](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2025/01/most-na-Fomicheva-3-800x467.webp)
![У Гродне з'явіўся адзіны ў горадзе крыты мост. Яго адкрыюць у канцы студзеня](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2025/01/most-na-Fomicheva-4-800x467.webp)
![У Гродне з'явіўся адзіны ў горадзе крыты мост. Яго адкрыюць у канцы студзеня](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2025/01/most-na-Fomicheva-2-800x467.webp)
Стары пешаходны мост праз яр на вуліцы Фамічова прызналі аварыйным і закрылі ў 2022 годзе. Потым высветлілася, што праектную дакументацыю да яго страцілі. Мост цалкам разабралі, а на яго месцы ўзвялі новы.
Рэканструкцыя павінна была каштаваць гораду 5 190 954 руб. ($ 1,6 млн).
Гэта адзіны на цяперашні момант, але не першы ў Гродне крыты мост. У пачатку 1990-х дах меў мост паміж Старым і Новым замкамі. Пасля таго, як частка даха абвалілася на людзей, яго прыбралі.