Кафэ, якое пачалі будаваць на Дзевятоўцы вясной 2024, ужо амаль гатовае. Але будпляцоўка ўсё яшчэ абгароджана. Параўналі пабудову з візуалізацыямі, якія паказваў забудоўшчык у 2022 годзе.
Па праекце ў аднапавярховым будынку кафэ павінны працаваць дзве залы: на 55 і 40 чалавек. Побач уладкавалі 19 парковачных месцаў, уключаючы адно для людзей з інваліднасцю. Уздоўж фасадаў з боку Дзяржынскага і Курчатава павінны з’явіцца прагулачныя зоны з месцамі для летняй мэблі.
Фатаграфіі з будпляцоўкі апублікаваў NewGrodno.by.




Вынік, улічваючы, што кафэ яшчэ не дабудавана, атрымаўся вельмі падобным да запланаванага ў праекце.




З-за кафэ здарыўся канфлікт з мясцовымі жыхарамі
Участак пад кафэ купіла ў сакавіку 2022 года мінская фірма. У жніўні-верасні таго ж года прайшлі грамадскія абмеркаванні.
Улетку 2024 года ў забудоўшчыка здарыўся канфлікт з жыхарамі суседняга дома. Тыя былі незадаволеныя, што праз іх двор праводзілі цеплавыя сеткі. З-за гэтага пацярпелі дзіцячая пляцоўка, паркоўка і зялёныя насаджэнні. Аказалася, што ўсе працы праводзіліся законна, а дазволу ад таварыства ўласнікаў атрымліваць не патрабавалася. Інвестар паабяцаў пасля заканчэння работ аднавіць добраўпарадкаванне ў поўным аб’ёме: тратуарныя дарожкі, газон і перасаджаныя зялёныя насаджэнні. А калі апошнія загінуць — то правесці кампенсаторныя пасадкі.