У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе, а арганізатарамі выступілі пецярбуржскі Рускі музей і Рускі дом у Гродне. Падчас адкрыцця экспазіцыі супрацоўнікі сінагогі выказаліся наконт стварэння ў горадзе асобнага музея ў гонар Бакста, паведамляе мастачка Кацярына Забеліна.

Сінагога гатова прадаставіць памяшканне для музея

Як адзначыла Забеліна, выстава стала першым крокам для стварэння асобнага музея Льва Бакста ў Гродне. «Сінагога гатовая прадставіць памяшканне! Справа за малым — увасобіць у жыццё», — напісала мастачка.

У экспазіцыю ўвайшлі копіі работ Бакста, якія зараз знаходзяцца ў калекцыі Рускага музея. Арганізатары называюць выставу «мабільнай» — арыгінальных малюнкаў Бакста наведвальнікі не ўбачаць. Але, адсканаваўшы QR-кады, трапяць на віртуальны партал Рускага музея.

У Гродне амаль няма месцаў, звязаных з Бакстам

Леў Бакст нарадзіўся 1866 годзе ў Гродне, але пражыў тут нядоўга, бо неўзабаве сям’я пераехала ў Пецярбург. Найбольшага поспеху як мастак Бакст дасягнуў у Парыжы. Лічыцца адным з самых дарагіх тэатральных мастакоў свету. У Беларусі працы Бакста ёсць у карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка»

У Гродне ў гонар Бакста названыя рэстаран і вуліца ў пасёлку Фабрычным. Прац мастака і рэчаў звязаных з ім няма, таму меркаваны музей па-сутнасці давядзецца ствараць з нуля.