У польскі санкцыйны спіс трапілі тры прадпрыемствы-экспарцёры прадукцыі беларускага прадпрыемства «Гродна Азот», паведамляе Biznes Alert са спасылкай на Дзяржаўную падатковую адміністрацыю (KAS). З дапамогай гэтых фірм-пасярэднікаў “Гродна Азот” абыходзіў накладзеныя на яго санкцыі.

Пад санкцыі трапілі World Chem Trading (фірма зарэгістраваная ў Аб’яднаных арабскіх эміратах), “Тэхнаспецтрэйдынг” і “Тэхнаспецтрэйдынг Экспарт” (абедзве зарэгістраваныя ў Мінску). Санкцыйны спіс вядзе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

“Тэхнаспецтрэйдынг” на сваім сайце сцвярджае, што з верасня 2022 года запусціў вытворчасць азотных угнаенняў. Але польскіх МУС у сваіх рашэннях адносна ўсіх трох фірм заяўляе, што вытворчасць карбаміду і аміячнай салетры ў прамысловых маштабах характэрны для вельмі буйных прамысловых установак, стварэнне і запуск якіх займае некалькі гадоў. Немагчыма раптам перанесці або арганізаваць вытворчасць гэтай прадукцыі ў новым месцы. Таму, на думку польскага боку, адзіным вытворцам гэтай прадукцыі ў Беларусі з’яўляецца «Гродна Азот». А ўсе тры фірмы з’яўляюцца проста структурамі для абыходу санкцый.

Гэта не першая фірма, якая трапіла ў польскіх санкцыйны спіс за дапамогу “Гродна Азот” у абыходзе санкцый. У пачатку снежня санкцыі наклалі на ТАА “НФТ”, зарэгістраваную ў аграгарадку Капцёўка Гродзенскага раёна.

Палякі патрабуюць высокіх мытных пошлін на беларускія ўгнаенні

KAS запэўнівае, што сочыць за галіной угнаенняў і прымае меры па выкананні ўведзеных санкцый. «Гэтыя дзеянні не толькі перашкаджаюць выяўленай практыцы абыходу санкцый, але і абароняць польскую вытворчасць угнаенняў і вытворцаў з краін-членаў ЕС», – сказаў KAS.

Асабліва зацікаўлены ў абмежаванні экспарту ўгнаенняў з Беларусі і Расіі буйны польскі вытворца Grupa Azoty. Ён абвінавачвае беларускіх вытворцаў у дэмпінгу цэн на рынку Еўрасаюза.

Польшча, Літва, Латвія і Эстонія дабіваюцца ад Еўракамісіі ўвядзення высокіх мытных пошлін памерам 30-40% на беларускія і расійскія ўгнаенні.