Новы мост праз яр на Фамічова ўжо пратэсціравалі - для гэтага на збудаванне прыгналі некалькі грузавікоў. Вынікі паказалі, што з мостам усё добра, таму працоўныя пераходзяць да добраўпарадкавання. Мост плануюць адкрыць у студзені 2025 года.
Мост амаль гатовы: засталося зрабіць пандусы, усходы і асвятленне
Выпрабаванні маста паказалі, што з ім усё ў парадку, заявіў БелТА начальнік сектара па тэхнаглядзе за бягучым рамонтам і ўтрыманнем аб’ектаў добраўпарадкавання Гродзенскай гарадской ЖКГ Сяргей Хамко.
Мост зможа вытрымліваць усе праектныя нагрузкі і будзе функцыянаваць у нармальным рэжыме.
На аб’екце працуе ад 10 да 15 чалавек, зараз яны прыступаюць да гідраізаляцыі і ўкладвання тратуарнай пліткі на мосце. Таксама ў бліжэйшы час плануюць устанавіць пандусы і лесвіцы. На падыходзе з вуліцы Фамічова будуць выкладваць тратуарную дарожку.
— Пасля завяршэння ўсіх гэтых работ будзе зроблена рэкультывацыя, падключана асвятленне: яно будзе як на падыходах, так і на самім віядуку. На дадзеным этапе мост практычна гатовы на 85%, — адзначыў Хамко.
Мост быў зачынены два гады
Дзякуючы масту на Фамічова людзі маглі не рабіць вялікае кола, каб абысці яр. Але з пачатку 2022 года мост закрыты з-за аварыйнага стану.
Рамонт пачаўся толькі ў чэрвені 2024 года з-за таго, што праектная дакументацыя была страчана. Тады працоўныя цалкам разабралі старую пабудову, а на яе месцы пачалі ўзводзіць новы мост. Над ім планавалі збудаваць навес.
Чытайце таксама: Чаму мост не функцыянаваў больш за два гады?