Навіны

Арышт маёмасці, узмацненне пакарання, ад’езд Vadimati з Беларусі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У падследных з Навагрудка пачалі арыштоўваць маёмасць. Палітвязня Мікіту Аўдзіка пераводзяць на іншы рэжым. Гродзенскі блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) з’ехаў з Беларусі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 2 па 8 снежня.

Палітвязня Мікіту Аўдзіка пераводзяць на іншы рэжым

У палітвязня на 2 снежня прызначанае пасяджэнне «Аб замене абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Працэс вядзе Мікалай Лабоцкі ў судзе Кастрычніцкага раёна, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Мікіта Ігаравіч Аўдзік — кухар-кандытар з Гродна. За ўдзел у пратэстах яго асудзілі на год калоніі. Ён павінен быў адбыць пакаранне ў чэрвені 2022 года. Магчыма, яго асудзілі па новай справе.

Мікалай Аўдзік. Фота: «Вясна»

У падследных з Навагрудка пачалі арыштоўваць маёмасць

Крыніцы «Белсата» паведамляюць, што следства па справе арыштаваных мужа і жонкі Аляксандра і Ірыны Лебедзь распарадзілася накласці арышт на ўсе іх маёмасць. Такая ж сітуацыя ў Вольгі Аляшкевіч і Таццяны Палубок. У актывіста Ігара Хіневіча забралі ўсе наяўныя грошы. У выніку гэтых дзеянняў яго сям’я засталася без сродкаў да існавання.

30 кастрычніка ў Наваградку адбылася аблава сілавікоў на мясцовых жыхароў. Пасля ператрусаў затрыманых адвозілі ў Гродна на допыт. Некалькіх чалавек адпусцілі, астатніх да суда пакінулі ў следчым ізалятары. З усіх бралі падпіску аб неразгалошванні. Дагэтуль невядомая дакладная колькасць затрыманых.

Палітзняволеную з Гродна Валерыю Драгун памілавалі

Юрый Васкрасенскі паведаміў імёны сямі жанчын, вызваленых па апошнім указе аб памілаванні. Усяго ў рамках памілавання, праведзенага 20 лістапада, былі вызваленыя 32 чалавекі, сярод якіх 8 жанчын і 24 мужчыны. З іх 17 маюць хранічныя захворванні, а 9 — старэйшыя за 50 гадоў.

Валерыя Драгун (2001 года нараджэння) — адна з памілаваных. У чэрвені 2024 года была асуджаная да года пазбаўлення волі за «здзек над дзяржаўнымі сімваламі». Па матэрыялах справы, у красавіку 2024 года яна разам з Дар’яй Заяц падпаліла паперу, наматаную на тронак швабры, і паднесла яе да чырвона-зялёнага сцяга, які вісеў на будынку на вуліцы Сацыялістычнай у Гродне. У судзе абедзве дзяўчыны прызналі сваю віну.

Валерыя Драгун. Фота: «Вясна»

Гродзенскі блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) з’ехаў з Беларусі

Актывістка страйкаму з Гродна Юлія Сліўко апублікавала ў Instagram відэа з Варшавы з Вадзімам. Раней паведамлялася, што выдалены акаўнт Vadimati ў Instagram быў прызнаны экстрэмісцкім.

Вадзім Ермашук. Фота: Instagram

Новая экстрэмісцкая інфармацыя

Суд Ленінскага раёна Гродна на тыдні прызнаў экстрэмісцкімі:

  • Instagram-акаўнт «belarus.pro» і яго лагатып,
  • Tik-Tok канал «centrbelaruscom»,
  • Tik-Tok канал «autapolk»,
  • Tik-Tok канал «racyjabelarus»,
  • Tik-Tok канал «myzha_info».

Палітвязень Аляксандр Цялега выйшаў на волю

У сярэдзіне лістапада палітвязень выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну. Ён правёў больш за 3 гады і 6 месяцаў у зняволенні, паведамляе «Вясна».

У судзе Ленінскага раёна Гродна 21 студзеня 2022 года Аляксандра асудзілі да чатырох гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце. На судзе стала вядома, што адзін з «пацярпелых» па справе збіваў Цялегу пры затрыманні. 1 лістапада 2022 года над палітвязнем пачаўся новы працэс у судзе Пухавіцкага раёна, зноў за каментары. У выніку суд прызначыў яму адзін год зняволення, але шляхам паглынання больш строгага пакарання менш строгім тэрмін пакінулі ранейшым.

У красавіку Аляксандру ўзмацнілі рэжым пакарання і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Аляксандр Цялега. Фота: сацсеткі героя

7 жыхароў вобласці судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» судзілі жыхароў Гродна, Воранава, Слоніма, Навагрудак. Сярод іх — цёзкі грамадскага актывіста і былога старшыні цяпер ліквідаванай арганізацыі «Экаманіторынг» і вядучага бухгалтара Навагрудскага завода газавай апаратуры.

Альтанка «мінтынгавала» у Астравецкім раёне: гаспадар атрымаў штраф

Актывіста антыядзернага руху Мікалая Уласевіча з мястэчка Варняны аштрафавалі на 50 базавых велічыняў (2 тыс. руб.) у Астравецкім раённым судзе. Як мяркуе «Гарадзенская праваабарона», штраф маглі прызначыць з-за альтанкі на прыватным падворку Уласевіча.

Мікалай Уласевіч. Фота: Belsat

Кіраўніку цыбульнай плантацыі пад Лідай пагражае да 15 гадоў нямецкай турмы за абыход санкцый

Плантацыя «Цыбулька-бел» належыць нямецкаму ультраправаму палітыку Ёргу Дорнау. Мужчыне пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі за абыход санкцый, паведамляе Reform.news са спасылкай на расследаванне тэлеканала MDR Fernsehen.

Дэпутат парламента зямлі Саксонія Ёрг Дорнаў, які валодае бізнэсам у Беларусі. Фота: Juergen Maennel / Bild

Асуджаны паляк з Гродна Ежы Жывалеўскі з’явіўся ў прапагандысцкім фільме

Асуджанага на чатыры гады калоніі за агентурную дзейнасць грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага паказалі ў прапагандысцкім фільме «Беларусь 1». На кадрах відаць, што мужчына адчувальна схуднеў.

Ежы Жывалеўскі. Скрыншот Беларусь 1

Асабістыя акаўнты гродзенца Аляксея Чамаданава прызналі экстрэмісцкімі

Экстрэмісцкімі прызналі акаўнты Аляксея Чамаданава ў Facebook, «ВКонтакте» і ў «Одноклассники». За рэпост і ў некаторых выпадках лайк яго пастоў цяпер пагражае адміністрацыйная адказнасць. На практыцы ж караюць і за падпіску.

Гродзенскім студэнтам на экскурсіі ў турме распавялі пра «самыя камфартабельныя ўмовы»

Студэнтаў педыятрычнага факультэта ГрДМУ адправілі на экскурсію ў гродзенскую турму з мэтай «прафілактыкі правапарушэнняў», паведамляецца на сайце ўніверсітэта. Турма лічыцца самай строгай у Беларусі. Студэнтам распавялі пра гісторыю ўстановы, а таксама пагрузілі ў нюансы турэмнага побыту.

Студэнты ГрДМУ на экскурсіі ў гродзенскай турме. Фота: grsmu.by

Як у Беларусі караюць зa «ілжывыя паказанні» (і не толькі «палітычных»)

Беларусы скардзіліся на дзеянні сілавікоў пры не «палітычных» затрыманнях. Сцвярджалі, што ў працы тыя перавышалі паўнамоцтвы. Але пасля 2020 года справы пачалі ўзбуджаць супраць тых, хто скардзіўся. Іх судзілі за дачу «ілжывых» паказанняў. За тры гады існавання банка судовых рашэнняў знайшлося 12 кейсаў. Папрасілі каманду BelPol пракаментаваць іх.

Суды за ілжывыя паказанні. Фота: Hrodna.life
Падзяліцца

Апошнія запісы

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру на 16 паверсе з ільвом і дэкаратыўным камінам

На Дзевятоўцы прадаюць трохпакаёвую кватэру на апошнім паверсе 16-павярховага дома. Акрамя шыкоўнага выгляду на палі…

10 мая 2025

У святкаванні Дня перамогі задзейнічаюць жывёлін. Удзельнічае і каза з Гродзенскага заапарка

У акцыях на 9 траўня, прысвечаных святкаванню 80-годдзя перамогі, вырашылі задзейнічаць жывёл. Сабаку па мянушцы…

9 мая 2025

Аркі на Савецкай ужо ўпрыгожылі кветкамі - гараджане параўноўваюць вуліцу з «маленькай Галандыяй»

Супрацоўнікі "Гродназелянбуда" ўжо ўпрыгожваюць аркі на Савецкай кветкамі. У сацсетках з'яўляецца ўсё больш відэа з…

9 мая 2025

Над гродзенскім піўзаводам устанавілі флюгер з сімвалічнай датай. Яго аўтар — знакаміты каваль

У траўні на даху комплексу «Бровар Гродна» з'явіўся флюгер. Пры рэстаўрацыі гродзенскага піўзавода інвестару было…

9 мая 2025

Гродзенец знайшоў рэдкія здымкі горада часоў Першай сусветнай вайны

Гродзенскі краязнаўца Аляксандр Перагудаў знайшоў у расійскіх фондах шэраг малавядомых здымкаў Гродна часоў Першай сусветнай…

8 мая 2025

Праўладны Telegram-канал сцвярджае, што ў Гродне няма праблем з бульбай. Гараджане абурыліся

У траўні беларусы сталі актыўна абмяркоўваць знікненне бульбы з паліц у крамах. Звярнулі ўвагу і…

7 мая 2025