У гандлёвых цэнтрах Гродна паставілі ялінкі, упрыгожаныя паштоўкамі з просьбамі дзяцей з сем’яў у сацыяльна-небяспечным стане (СНС). Пажаданне з паштоўкі можа выканаць любы: падарунак можна купіць і пакінуць пад ёлкай, ці перадаць праз інфацэнтр ці гродзенскі Чырвоны Крыж.

Дапамогу атрымаюць дзеці з малазабяспечаных, няпоўных, апякунскіх сем’яў, дзеці з інваліднасцю і дзеці з сем’яў уцекачоў, удакладнілі ў Чырвоным Крыжы.

Як дапамагчы?

Навагоднія ялінкі, упрыгожаныя паштоўкамі з жаданнямі дзяцей устанавілі ў гандлёвых і бізнес-цэнтрах, кінатэатрах і арганізацыях. Пакуль у Гродне ёсць сем такіх ялінак:

  • вул. Ціміразева, 8 (Еўраопт Hyper);
  • вул. Перамогі, 47 (Еўраопт Hyper);
  • вул. Ліможа, 30 (Еўраопт Super);
  • пр. Янкі Купалы, 82А (Еўраопт Hyper);
  • рынак Скідзельскі;
  • рынак Паліграфістаў;
  • рынак Паўднёвы.

Таксама можна зрабіць ахвяраванне праз сістэму АРІП на адрас арганізатара акцыі «Ялінка жаданняў» Чырвонага Крыжа (Дабрачыннасць. Грамадскія аб’яднанні - Дапамога дзецям, дарослым — Беларускі Чырвоны Крыж — Дабрачынны ўнёсак). Код акцыі - 333.

Акцыя пачалася 2 снежня і працягнецца да 15 студзеня.

У першую чаргу — дзецям у сацнебяспечным стане

Сёлета ў планах аказаць дапамогу больш як 1500 дзецям, расказала старшыня гродзенскай абласной арганізацыі Наталля Мельнічук на «Гродна Плюс». У першую чаргу — з сем’яў, становішча ў якіх прызналі сацыяльна-небяспечным, адзначыла яна.

Чытайце таксама: Дзяцей у Гродна ставяць у САП за палітычную актыўнасць бацькоў

У мінулым годзе дзякуючы такой акцыі і пры падтрымцы партнёраў арганізацыі атрымалі падарункі 1000 дзяцей. Яе падтрымалі большасць прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці. Аналагічныя акцыі адбываюцца і ў іншых гарадах Беларусі.

Беларускі Чырвоны Крыж зараз сам па сабе — арганізацыя трапіла ў скандал

У снежні 2023 года Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла членства БЧК, што прывяло да спынення міжнароднага фінансавання і ўдзелу ў глабальных праграмах.

Прычынай стаў удзел генеральнага сакратара арганізацыі Дзмітрыя Шаўцова ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый і наведванне ім Данбаса ў адзенні з сімвалам Z. Таксама выявілі выпадкі нямэтавага выкарыстання сродкаў.

Міжнародная федэрацыя патрабавала адхіліць Шаўцова ад пасады. Беларускі Чырвоны Крыж, наадварот, пераабраў яго на новы тэрмін.