Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь (40 тыс. рублёў). Адпаведная інфармацыя з’явілася ў раздзеле “спецвытворчасць” Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.  Актывіст жыве ў Польшчы, прысуд яму вынеслі завочна.

Чатыры крымінальныя артыкулы і штраф за абразу Лукашэнкі

Актывіста завочна асудзілі па чатырох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Штраф у памеры 1000 базавых велічынь актывісту прызначылі за абразу Лукашэнкі.

Справу Грыгенчы вёў суддзя, які трапіў у санкцыйны спіс ЕС

Справу актывіста пачалі разглядаць у Гродзенскім абласным судзе 11 лістапада — яе вёў суддзя Васіль Скок, які знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза.

Ужо 21 лістапада агучылі прысуд. “Хутка, аднак”, – адрэагаваў актывіст у сваіх сацсетках.

Вясной 2024 года Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць супраць актывіста, яго маёмасць арыштавалі. 

У мэтах забеспячэння выплаты штрафу суд не адмяніў арышт, накладзены на маёмасць актывіста.