Будынак былой адміністрацыі Ленінскага раёна на пешаходнай вуліцы Савецкай прадалі. Ён пуставаў больш за два гады, і цану знізілі ўдвая.
Абноўлена. На аўкцыён заявіліся два пакупнікі. Памяшканні адышлі да новага ўладальніка за амаль 4,9 млн руб., удакладняе NewGrodno.
Пераможцу таргоў вызначылі 19 лістапада на пляцоўцы электронных аўкцыёнаў et.butb.by. Пачатковая цана для таргоў была зніжана на 50% адносна таго, што хацелі атрымаць за гэтыя памяшканні год таму. Яна склала 4,23 млн руб. ($ 1,3 млн). Паведамлялі, што гэта самая нізкая магчымая цана, больш зніжаць яе не збіраліся.
Будынак пустуе два з паловай гады
Адміністрацыя Ленінскага раёна пераехала на новы адрас — Лермантава, 2 — яшчэ ў красавіку 2022 года. Пасля гэтага памяшканням у самым цэнтры Гродна, на пешаходнай вуліцы паспрабавалі знайсці гаспадара восенню 2023 года. Пачатковую цану выставілі ў 8,5 млн руб. Пакупніка не знайшлі, на працягу апошняга года адміністрацыю спрабавалі прадаць зноў, зніжаючы кошт.
Што за будынкі і якія ўмовы
Трохпавярховыя будынкі былой адміністрацыі 1795 года знаходзяцца на Савецкай, № 10 і № 14. Плошча аднаго памяшкання — амаль 1850 кв.м., другога — больш за 2300 кв.м. Ёсць скляпы, усе камунікацыі, пляцоўка для смеццевых кантэйнераў. Тэрыторыя двара абгароджана. Разам з ёй прадалі дарослыя дрэвы, якіх хапіла бы на міні-сквер — 13 елак, дзве ліпы і дуб. Пракладзены пешаходныя дарожкі.
Будынак мае статут гісторыка-культурнай каштоўнасці. Падчас распрацоўкі праектнай дакументацыі трэба будзе ўлічыць рэгламенты ахоўнай зоны, а праект узгадніць з Міністэрствам культуры. Пакупнік павінны будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства і распрацаваць праект рэканструкцыі або рамонту за два гады. Увесці будынак у эксплуатацыю трэба не пазней, чым праз чатыры гады пасля пакупкі.
Горад планаваў здаваць памяшканні ў арэнду — пад гандаль або грамадскае харчаванне.