На тыдні ў адной са школ Ваўкавыска плануюцца праверкі тэлефонаў навучэнцаў. Заўзятара затрымалі праз данос суседзяў на мерапрыемстве. Шасцярых жыхароў Навагрудка падазраюць у экстрэмізме. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 11 па 17 лістапада.
Заўзятара затрымалі праз данос суседзяў на мерапрыемстве
Беларус прыйшоў на спартовае мерапрыемства — якое, сілавікі не ўдакладнілі. У нейкі момант ён адкрыў свой тэлефон. На яго застаўку паглядзелі гледачы, якія знаходзяцца побач. Верагодна, яны данеслі на яго сілавікам, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Мужчыну затрымалі. Па версіі Telegram-канала, змесціва тэлефона «пацягнула» на адміністратыўку і крыміналку.
У Ваўкавыску затрымалі Аляксандра Сезеня
У Ваўкавыску яшчэ 13 лістапада быў затрыманы Аляксандр Сезень. У яго кватэры на вул. Гарбатава правялі ператрус. У мужчыны ёсць праблемы са здароўем — ён трапіў у бальніцу. Што яму збіраюцца інкрымінаваць, пакуль невядома, паведамляе «Гарадзенская праваабарона». Аляксандр Сезень неаднаразова затрымліваўся да 2020 года.
Шасцярых жыхароў Навагрудка падазраюць у экстрэмізме
Крыніцы «Белсату» паведамляюць, што прынамсі шасцёра чалавек сярод тых, каго сілавікі затрымалі 15 дзён таму, не выйшлі пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту.
За кратамі застаюцца муж і жонка Аляксандр і Ірына Лебедзі, Таццяна Палубок і яшчэ трое, прозвішчы якіх пакуль не называюцца.
Вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа расследуюць справу ў дачыненні да людзей, якія нібыта былі датычныя да Telegram-чату «Партызаны Наваградка». Супраць іх заведзеныя крымінальныя справы паводле артыкула экстрэмізм. З усіх, каго дапытвалі па справе, бяруць падпіску аб неразгалошванні.
Новыя «экстрэмісты»
Навумовіч Уладзімір Леанідавіч 16 лістапада папоўніў спіс «экстрэмістаў».
Новая «экстрэмісцкая» інфармацыя
На мінулым тыдні Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- ТikTok-акаўнт «chinovniktiktok»,
- Telegram-канал «Радыё Harodnia», яго лагатып, візуал і сам тэкст,
- Telegram-канал «Гродно, Ленинский р-н Для Жизни»,
- Telegram-канал «БЕЛАРУСЬ ПЕРАД УСІМІ!»,
- ТikTok-акаўнт «maks356878»,
- ТikTok-акаўнт «nedeshevka228».
Верагодна, палітвязень Руслан Садоўнічы выйшаў на волю
Чалавек, падобны да яго, з’явіўся ў акаўнце аднаго з гродзенскіх блогераў. Удакладнілі, што Руслан выйшаў раней за тэрмін — магчыма, пасля нядаўняга памілавання, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Руслан Аляксандравіч Садоўнічы — школьны настаўнік геаграфіі. У 2020 годзе быў ва ўчастковай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах, адмовіўся ставіць свой подпіс у пратаколе. Ён мае інваліднасць па зроку.
За абразу прадстаўніка ўлады, распальванне варожасці і гвалт у дачыненні да службовай асобы яго асудзілі да 3,5 гадоў калоніі. У студзені 2023 года на яго завялі новую крымінальную справу — за абразу прадстаўніка ўлады і гвалт у дачыненні да сілавіка.
21 жыхара вобласці судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Па арт.19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» судзілі жыхароў Гродна, Ваўкавыска, Навагрудка, Ліды, Зэльвы.
Праверкі ў школе
На тыдні ў адной са школ Ваўкавыска плануюцца праверкі тэлефонаў навучэнцаў. Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область» рэкамендуе быць уважлівымі да змесціва на прыладах і абмеркаваць гэтае пытанне з дзецьмі загадзя.
У Гродзенскай вобласці прайшлі затрыманні
14 лістапада ў Гродзенскай вобласці прайшлі затрыманні. У іх удзельнічалі супрацоўнікі КДБ, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
У Ваўкавыску затрымалі 16-гадовага студэнта. Ён зрэзаў чырвона-зялёны сцяг
У Ваўкавыску на вул. Жолудзева знік чырвона-зялёны сцяг з аднаго з дамоў. Работнікі ЖКГ заўважылі гэта і звярнуліся ў міліцыю. Аказалася, студэнт зрэзаў яго і схаваў у шафе.
Часцей за ўсё «азотаўцаў» судзяць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Самы распаўсюджаны артыкул, які ўжываюць да работнікаў «Гродна Азот», — арт.19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра гэта распавяла вядучы спецыяліст па інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце аддзела ідэалагічнай работы ААТ «Гродна Азот» Таццяна Куратнік.