Амаль 39 000 метраў гірляндаў і 280 000 лямпачак спатрэбіцца для ўпрыгожвання Гродна да навагодніх свят. Падрыхтоўка ўжо пачалася — на Савецкай плошчы пачалі ўсталёўваць гарадскую ёлку.
Савецкую плошчу ператвораць у зімні гарадок
На вуліцы Савецкай з’явіцца «зорнае неба» — яго плануюць зрабіць яшчэ больш маштабным, чым летась.
Савецкую плошчу плануюць ператварыць у кірмашовае зімовае мястэчка з рэзідэнцыяй Дзеда Мароза, 36 драўлянымі павільёнамі-домікамі і дэкаратыўнымі аленямі.


Таксама на плошчы ўжо пачалі мантаж галоўнай ёлкі горада, а будынкі ўпрыгожваюць ілюмінацыяй.иЗ'явяцца гірлянды і на Старым мосце.


Горад абяцаюць упрыгожыць у «абсалютна новым стылі»
Для ўпрыгожвання горада задзейнічаюць амаль 39 тысяч метраў гірляндаў і больш за 280 тысяч лямпачак, паведаміў у эфіры «Гродна Плюс» гендырэктар «Гарсвет» Алег Дабравольскі.

«Летась мы сезон пачалі ў лістападзе, але сёлета ў сувязі з тым, што будзе вялізны аб’ём работ па ўпрыгожванні зорным небам, гэта патрабуе шмат намаганняў. Я так коратка скажу, што на ёлку на плошчы Леніна трэба нам 14 дзён, каб цалкам яе ўпрыгожыць, павесіць зорнае неба, выставіць канструкцыі і падключыць», — адзначыў Дабравольскі.
Вуліцы будуць упрыгожаны ў «абсалютна новым стылі», паведамляе тэлеканал. Але без тлумачэння, што гэта значыць.