Забег адбудзецца 15 чэрвеня. Агульная колькасць слотаў для жадаючых прыняць удзел – 1000. За першыя тры гадзіны занялі ўжо больш за 80 месцаў. Зарэгістравацца на забег можна на сайце 42195.by. 

Асобны старт для самых хуткіх і некалькі дыстанцый для дзяцей

Плануецца агульны забег на 5 і 10 км – для больш доўгай дыстанцыі прадугледжаны не толькі індывідуальны, але і камандны залік. “У абодвух выпадках будуць улічвацца вынікі чатырох найлепшых прадстаўнікоў каманд, сярод якіх мусіць быць як мінімум адзін жаночы вынік”, — тлумачыць Telegram-канал “РобімНогі”. 

Таксама прадугледжаны і дыстанцыі для дзяцей на 60, 100, 200 і 400 метраў. 

Для самых хуткіх удзельнікаў, якія на дыстанцыі 10 км будуць мець вынікі ў межах 33 хвілін сярод мужчын і ў 38 хвілін сярод жанчын, вылучаць асобны старт пад назвай Pro. 

Тым, хто дойдзе да фінішу, абяцаюць унікальны медаль з сімвалам забегу. Кожны год медаль розны. А напярэдадні “Гарадзенскай вандроўкі” адбудзецца традыцыйная экскурсія па горадзе. 

Па тэме: Глядзіце, як прыгожа гродзенцы беглі сёлета

У Гродне дадалі больш слотаў для жадаючых, а ў Навагрудку прабеглі ўпершыню

У 2025 годзе “Гарадзенская вандроўка” адбудзецца восьмы раз. Традыцыйны маршрут пралягае праз гістарычны цэнтр горада і закранае вуліцы Ажэшкі, Савецкую, Вялікую Траецкую і іншыя.

У 2024 годзе арганізатары прапаноўвалі 820 слотаў для жадаючых паўдзельнічаць у забегу, але свабодныя месцы скончыліся яшчэ за месяц да забегу. Таму на наступны год іх колькасць пашырылі да 1000. Сёлета да “Гарадзенскай вандроўкі” упершыню далучыўся і Навагрудак. Забег “Навагрудская вандроўка” на дзве дыстанцыі – 3,5 і 10 кіламетраў – прайшоў у жніўні.