Навіны

Каложу будаваў продак Пушкіна? Дзіўную гістарычную легенду апублікавалі ў Расіі

Гродзенскі краязнаўца і блогер Яўген Аснарэўскі звярнуў увагу на псеўдагістарычны артыкул у расійскім выданні «Аўрора» — у публікацыі сцвярджаецца, што Каложскую царкву пабудаваў продак Пушкіна. Сваімі назіраннямі Аснарэўскі падзяліўся ў Facebook і расказаў, чаму артыкул — легенда, а не сапраўднае гістарычнае даследаванне.

Што гэта за часопіс «Аўрора»?

Літаратурна-мастацкі часопіс «Аўрора» быў заснаваны ў Санкт-Пецярбургу і выдаецца з 1969 года. У 80-х на старонках часопіса з’явілася калонка «Нататкі рок-дылетанта», а пад эгідай «Аўроры» ладзіліся рок-фестывалі. У 1988 годзе часопіс апублікаваў скандальную для таго часу аповесць Уладзіміра Куніна «Інтэрдзяўчынка». На пачатку нулявых часопіс сутыкнуўся з праблемамі ў фінансаванні, але ўжо ў 2013 пачаў атрымліваць дзяржаўныя субсідыі.

Зараз акрамя прозы, паэзіі і публіцыстыкі «Аўрора» вядзе рубрыку «Савецкая спадчына». Сярод апублікаваных артыкулаў — «Падручнікі гісторыі былых рэспублік СССР выхоўваюць нянавісць да Расіі» і «Луначарскі — сфінкс рэвалюцыі».

Спасылкі на Францыска Скарыну і «нейкіх спецыялістаў»

На публікацыю «Аўроры» пра Радшы, нібыта заснавальніка роду Пушкіных, звярнуў увагу гродзенскі гісторык і краязнаўца Яўген Аснарэўскі. У сваім Facebook блогер коратка пераказвае артыкул і характарызуе яго як трылер.

«Паводле даследаванняў аўтара часопіснага артыкула наш знакаміты Францыск Скарына займаўся перакладамі тэкстаў нейкіх талкавінаў — язычнікаў-качэўнікаў з рэгіёна сучаснай Малдовы. Гэты ўнікальны летапіс нібыта знаходзіцца ў самога аўтара, і сапраўднасць гэтых дакументаў пацвердзілі нейкія спецыялісты», — адзначае Аснарэўскі.

Аўтар артыкула: продак Пушкіна будаваў Каложскую царкву

Аўтар артыкула — Юрый Іваноў — сцвярджае, што летапісны звод ён атрымаў у канцы 80-х ад жыхара малдаўскага гарадка Рыкшаны.

«Паводле іх [атрыманых звестак — Hrodna.life], нейкі Радша, ваявода князя Рагвалода, сына знакамітага полацкага манарха Усяслава Брачаслававіча, якога ў наш час называюць Чарадзеем, разбіў у раёне Гродна літоўскія раці. Было гэта ў XII стагоддзі. І гэты самы Радша, у гонар перамогі над язычнікамі, пабудаваў на месцы больш старога храма і з выкарыстаннем яго фрагментаў Каложскую царкву!» — пераказвае Аснарэўскі змест артыкула.

У артыкуле Іваноў сцвярджае, што той самы ваявода-будаўнік Радша быў продкам Пушкіна. На падставе гэтага аўтар і робіць выснову, што Каложскую царкву ўзводзіў продак Пушкіна.

Легенда, якая спадабалася б расійскім турыстам

«Я, вядома, не вялікі знаўца Скарыны, але ведаю, што версія з малдаўскімі прыгодамі цалкам маргінальная. Зразумела, Каложу пабудавалі гарадзенскія Усеваладкавічы, таму сцены храма ўпрыгожваюць іх княскія двухзубцы», — адзначае Аснарэўскі.

Гродзенскі краязнаўца сумняваецца ў сапраўднасці малдаўскага летапісу. Атрымаць звестак пра аўтара Юрыя Іванова ў Аснарэўскага таксама не атрымалася.

«Сучасны падман ці не, але прадстаўце якую легенду атрымалі б гарадзенскія гіды, якія працуюць з рускімі турыстамі ў Каложы», — падсумоўвае Аснарэўскі.

Гродзенцы: «Зноў рускія спрабуюць перапісаць нашу гісторыю»

Пад публікацыяй Аснарэўскага гродзенскія краязнаўцы і літаратары таксама выказалі сумневы наконт сапраўднасці артыкула.

«Зноў рускія спрабуюць перапісаць нашу гісторыю. Галоўнае каб гэта не ўвайшло ў школьныя падручнікі гісторыі», — адзначыла Анастасія Хазіна.

«Знакамітая Каложа! Яскравы прыклад афраафрыканскага дойлідства», — напісаў Павел Салаўёў.

«Пакручасты сюжэт! Вось казалі мне ў гарадзенскім выдавецтве, што зараз у модзе гістарычныя трылеры з плямамі і праваламі ў мінулым», — дадала Наталля Агарэлышава.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Міліцыя Гродна склала спісы фанатаў і «дэструктыўна настроеных»

У АУС Гродна сфармавалі спісы найбольш актыўных футбольных заўзятараў і "дэструктыўна настроеных грамадзян". Туды ўвайшло…

18 красавіка 2025

Новая амбулаторыя, фантаны і гарадскі забег. Што будзе на 1 траўня ў Гродне (праграма)

Да 1 траўня ў Гродне адкрыюць амбулаторыю ў Грандзічах, уключаць фантаны. Само свята пачнецца з…

18 красавіка 2025

У 2024 годзе ў Гродне за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў пакаралі 4 непаўналетніх

Сілавікі знайшлі чатырох непаўналетніх у Гродне і вобласці, якія распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы. Пра гэта напісана…

18 красавіка 2025

На «Гродна Азот» часта спрацоўвае пажарная сігналізацыя — датчыкі ненадзейныя

На "Гродна Азот" усё часцей спрацоўвае пажарная сігналізацыя - у параўнанні з першым кварталам мінулага…

18 красавіка 2025

Для рэйсаў Гродна—Мінск закупілі кітайскіх аўтобусаў на $ 1,5 млн. Яны заменяць многія маршруткі

З 21 красавіка на маршруце Гродна-Мінск большасць маршрутак заменяць кітайскімі аўтобусамі Zhong Tong. Транспарт закуплялі…

17 красавіка 2025

Літва забараніла перасякаць мяжу на матацыклах і мапедах — іх стала занадта шмат

Зараз праз памежныя пераходы ў Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) можна…

16 красавіка 2025