Сяргея Чабоцьку судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» (ч. 1 арт. 24.23 КаАП РБ). Суд прайшоў 6 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гродна.
Рашэнне суда пакуль невядома. Справу разглядала суддзя Наталля Горбач, паведамляе канал «Суды, задержания. Гродно и область».
За што судзілі раней
Рэдактара блога s13.ru Сяргея Чабоцьку затрымалі 23 кастрычніка. 25 кастрычніка яго асудзілі на 15 сутак за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Рашэнне вынесла суддзя Ганна Леусік.
У гэты ж дзень інтэрнэт-сайт «s13.ru» і Telegram-канал «s13.ru — Новости Гродно» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Таксама ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явіліся старонка ў «Одноклассниках» «s13.ru — новости Гродно и региона» і чатыры лагатыпа — з «Одноклассников», на сайце, у Telegram-канале і проста літарнае спалучэнне. Такое рашэнне суд Ленінскага раёна Гродна прыняў 28 кастрычніка.
Гісторыя партала і прэтэнзіі
Пасля затрыманні Сяргея Чабоцькі звязаны з сілавікамі Telegram-канал «Гродненские сливы» сцвярджаў, што да яго могуць быць і іншыя прэтэнзіі - на тэму заробкаў супрацоўнікам і праз старое фота з публічнай сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам на Савецкай плошчы ў Гродна. Сілавікі абвінавачвалі Чабоцьку ў нібыта актыўнай публікацыі матэрыялаў апазіцыі і «няправільных» загалоўках да перадрукаваных навін дзяржрэсурсаў.
Рэсурс s13.ru з’явіўся ў Гродне ў 2005 годзе і першапачаткова працаваў як блог. Пазней ператварыўся ў інфармацыйны партал — агрэгатар навін. Уласнага кантэнту на сайце было няшмат, але доўгія гады рэсурс быў адным з самых папулярных у горадзе. Да восені 2024 года яўных праблем з уладамі ў рэсурса не было.
Чытайце таксама: У Гродне бацькам школьнікаў пагражаюць пастаноўкай на СНС за падпіску на s13.ru