Ажно чатыры дні з 7 па 10 лістапада гродзенцы будуць адпачываць ад працы. Hrodna.life склаў спіс мерапрыемстваў, якія дакладна не дадуць засумаваць. У нашай падборцы – канцэрты, майстар-класы і экскурсіі для доўгіх выхадных.

7 лістапада — катаемся па горадзе

Усе выхадныя, з 7 па 10 лістапада, можна будзе трапіць на гродзенскі аўтаквэст. Падчас гульні ўдзельнікам трэба будзе выканаць 10 заданняў і адшукаць столькі ж лакацый. Арганізатары абяцаюць бясконцую колькасць эмоцый і азарту. Для рэгістрацыі на квэст дастаткова звязацца з арганізатарамі ў Instagram

8 лістапада — ідзем на канцэрты

Першапачаткова паведамлялася, што зорка беларускага TikTok Ілля Шынкарэнка выступіць з канцэртам 8 лістапада. Аднак за два дні да мерапрыемства ў Instagram музыкі з’явілася аб’ява, што ў Гродна ён прыедзе 15 лістапада.

Канцэрт адбудзецца ў бары Five-No на Вялікай Траецкай, 46. Пачатак а 20:00, кошт квіткоў — 10 руб. 

У бары «Урбаніст» на Маставой, 31 зробяць вечарынку, на якой выступіць гомельскі дыджэй і калекцыянер рэдкіх танцавальных кружэлак Улад Kozyrev. Будуць гучаць бугі, хаўс, фанк і дыска.

Пачатак імпрэзы а 20:00, кошт квіткоў — 10 руб. 

9 лістапада — вучымся ляпіць з гліны і даведаемся таямніцы Гродна

У студыі «Аранжарэя» стартуе майстар-клас па лепцы з нуля. Удзельнікі будуць ствараць вырабы з гліны пад кіраўніцтвам майстра. Арганізатары адзначаюць, што майстар-клас пасуе дзеткам з асаблівымі патрэбамі.

Пачатак мерапрыемства а 14:30.

Яшчэ адзін майстар-клас, але ўжо тэматычны, правядуць у студыі “Час мастацтва”. Абяцаюць вампірскую тэматыку ў атмасферы стужкі “Прыцемкі”, а перад пачаткам майстар-класа ўдзельнікі паглядзяць кароткаметражны фільм. А затым – маляванне “змрочнага лесу алеем”.

Пачатак мерапрыемства а 19:00.

Тэатралізаваную экскурсію па Гарадніцы правядуць арганізатары “Таямніцы Гродна”. У праграме — арганны канцэрт у кірсе, прагулка па старажытных кутках горада, наведванне Пакроўскага сабора і «смачны» камплімент.

Кошт квіткоў — 45 руб. 

10 лістапада — адпраўляемся ў парфумернае падарожжа 

Гродзенцаў клічуць у «парфумернае падарожжа». У студыю фларыстыцы Frida (Будзёнага, 28) прыедзе парфумерны стыліст Анастасія з Мінску. Удзельнікаў чакае “лёгкі сняданак, нязмушаныя зносіны і кветкавыя пасланні”.

Кошт удзелу ў майстар-класе – 120 руб., пачатак мерапрыемства ў 12:00 (10 лістапада).

Скончыць доўгія выходныя можна будзе гульнёй у мафію ў кавярні «Смак мастацтва» (Калючынская, 12). Колькасць месцаў абмежавана, але тым, хто паспее запісацца на гульню, абяцаюць піва, шампанскае, сокі і закускі.

У мафію пачнуць гуляць а 18:00, для запісу на гульню трэба звязацца з арганізатарамі ў Instagram