Анестэзіёлаг-рэаніматолаг з 3-й мінскай дзіцячай бальніцы публікавала ў Х (Twitter) пасты пра сваю нянавісць да яўрэяў, а ў Facebook — пра любоў да Гродна. У адказ на абураныя каментары ў Х яна пагражала, што данясе ўладам на каментатараў, але пасля публікацыі ў СМІ выдаліла ўсю старонку.
Абноўлена. Паводле інфармацыі «Люстэрка», Алеся Белавус звольнілася з бальніцы ў верасні. Прычына невядомая, як і яе новае месца працы.
На старонку доктаркі Алесі Белавус у сацсетцы X звярнула ўвагу «Наша Ніва». У пастах яна пісала, што ёй, «белабрысай славянцы больш за ўсё брыдоты робіць яўрэёныш», пры яе «максімальнай талерантнасці» «ніхто не з’яўляецца такім вадкім чм*м як жыдзёны». Таксама яна пісала, што яўрэі заслугоўваюць «гарэць у печах» і посціла сцягі ў падтрымку Палесціны. Допіс пра печы яна пазней выдаліла, але яго паспелі заскрыніць і дадаць ёй у каментарах.
Каментараты абурыліся паводзінамі доктаркі Белавус. Твіт пра «яўрэёныша» па стане на ранак 3 лістапада праглядзелі 58 тысяч чалавек, пракаментавалі — больш за 400. Усе папярэднія публікацыі ў акаўнце не былі такімі папулярнымі. У адказ на каментар «Антысемітызм — агіднае дзікунства» жанчына напісала, што «ўсяго толькі падтрымлівае антысіянізм», а ў іншым каментары напісала: «Пайду дакладу ўладам пра зробленую працу, асобны дзякуй адкрытым не ананімным акаўнтам».
У адным з каментароў затэгалі Следчы камітэт Беларусі з просьбай праверыць допісы на распальванне міжнацыянальнай варажнечы паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэксу.
Старонка доктаркі ў сацсетцы Х цяпер недаступная. Але абразлівыя каментары ў дачыненні да яе перабраліся ў яе Instagram і Facebook. Пад настальгічным пастом доктаркі пра вучобу ў Гродне ў Facebook ёй напісалі пра ролю яўрэеў у гісторыі гэтага горада. Але ў Instagram паспелі і выказаць падтрымку: «Усё дакладна напісала ў Х! не слухай хамячкоў шасцізоркавых!».
Хто такая Алеся Белавус
Жанчына скончыла Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава і Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Працавала палатнай медсястрой у Гродзенскім абласным клінічным цэнтры «Псіхіятрыя-наркалогія», зараз працуе анэстэзіёлагам-рэаніматолагам у 3 гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы ў Мінску. У сацсетках піша пра сваю любоў да працы і «маленькіх пацыентаў». Мяркуючы па папярэдняй актыўнасці ў Х, падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку і Расію, крытыкуе Святлану Ціханоўскую і часам удзельнічае ў палітычных абмеркаваннях па беларускай і ўкраінскай тэматыцы.
Чытайце таксама: Шпіталь у Карэлічах распаўсюджвае ілжэнавуковыя тэорыі: апублікаваў артыкул пра містычную сілу цнатлівасці, Гітлера і праваслаўе