Роў матораў і клубы дыму ахуталі гістарычны цэнтр Гродна – гэта ў горадзе здымаюць відэаролік пра дрыфт. Здымкі працягнуцца два дні – 31 кастрычніка і 1 лістапада. Рух у цэнтры абмежаваны, таму гродзенцы сутыкаюцца з нязручнасцямі. У сацсетках пачалі выказвацца і тыя, хто лічыць дрыфт “поўнай лухтой”, і тыя, хто ў захапленні ад падзеі.

Чаму аўто дрыфтуюць па Гродне?

З канца кастрычніка ў розных рэгіёнах Беларусі адбываюцца здымкі рэкламнага роліка. Дрыфтары ўжо заехалі ў Брэст, Гомель і Магілёў, а зараз дабраліся і да Гродна.

Арганізатары – праект Blockchain Sports Drift, частка Blockchain Sports Ecosystem, які базуецца ў Бразіліі. Ён займаецца інтэграцыяй сучасных тэхналогій у розныя віды спорту для аналізу вынікаў і ацэнкі актыўнасці спартсменаў.

У здымках відэароліка аб дрыфце бяруць удзел акцёры і пілоты з Беларусі, Аўстраліі, Бразіліі, Нідэрландаў, Тайланда і Японіі.

Калі гродзенцам рыхтавацца да пробак

31 кастрычніка перакрыюць вуліцы:

  • 10.00-13.00 – раён Драмтэатра (вул. Парыжскай камуны, Вялікая Траецкая, Маставая, Гарнавых, Завадская),
  • 16.00-18.00 – вул. Ажэшкі/Універсітэт.

1 лістапада перакрыюць рух у раёне:

  • 6:30-9:30 – Стары замак, Новы замак,
  • 10:00-12:00 – Вялікая Траецкая, Давыда Гарадзенскага (дарога пад замкамі),
  • 12:30-15.30 – Старазамкавая (паварот каля сінагогі).

Што гараджане думаюць пра здымкі роліка

У іншых гарадах з-за здымкаў кліпа беларусы сутыкнуліся з нязручнасцямі. Напрыклад, у Гомелі з-за затораў людзі спазняліся на пахаванне і сумоўі. А некаторыя брэсчане палічылі, што дрыфтаваць каля помніка героям вайны – недарэчна.

У Гродне пра такія інцыдэнты пакуль не паведамлялі. Аднак не ўсе гараджане падтрымліваюць ініцыятыву.

«Дрыфт – гэта спорт. Небяспечны спорт. І на гарадскіх вуліцах яму зусім не месца. Яму месца на аўтадроме, на ралійных трасах, там, дзе няма небяспекі камусьці нашкодзіць.
Гэта вось тое, што зараз адбываецца – прыклад для маладых дурняў за рулём, якія гэтак жа будуць потым дрыфтаваць у горадзе на сваіх усратых пасатах і прыёрах, для ўсіх фанатаў гульняў Нід Фор Спід.
Ну і потым, перакрываць увесь горад, асабліва яго галоўныя транспартныя артэрыі ў працоўны дзень – таксама не самае разумнае рашэнне. З-за дзясятка людзей пакутуюць сотні, якія не могуць своечасова даехаць… Ды хуткая з-за іх праехаць тупа не зможа да кагосьці!» — выказаўся Аляксандр у Facebook. 

Гараджане актыўна выказваюцца пра дрыфт у цэнтры Гродна і ў Instagram.

«Навошта ўвогуле дадзенае мерапрыемства праводзіць у горадзе, парушаючы рытм жыцця людзей для чыёйсьці забавы», — пацікавіўся Аляксей.

«Чаму абавязкова ў цэнтры горада? Няўжо няма іншых месцаў, дзе можна размалёўваць асфальт. Поўная дурасць», – лічыць Павел.

«А можна аб перакрыцці цэнтральных дарог інфармаваць загадзя, а не даведвацца пра іх у 40-хвілінным заторы без магчымасці дабрацца да пункта прызначэння», — абураецца карыстальнік пад нікам kinovinodomino222.

«Чаму дадзенае мерапрыемства праводзіцца ў працоўны дзень у працоўны час? Усім так нас*аць на жыхароў горада?» — напісаў Аляксандр.

Зрэшты, ёсць сярод гродзенцаў і тыя, хто ў захапленні ад здымкаў.

«Па целе мурашкі прабеглі», – падзялілася almazka_kat.

“Красаўчыкі, малайцы, рэспект”, – напісала Алена.

“Гэта было вельмі крута”, – выказалася Ксенія.