«Рускага паэта» з Ліды Руслана Піваварава і смаргонскую публіцыстку Галіну Антонаву прынялі ў шэрагі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Hrodna.life паглядзеў, якія творы стваралі літаратары.
Любіць “Вялікую Русь” узору 1922-1991 гадоў
Лідчанін Руслан Півавараў пазіцыянуе сабе як “рускага паэта, публіцыста і грамадзяніна Беларусі”. У сваім Facebook мужчына напісаў, што ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі чакаў тры гады.
У сацсетках Півавараў актыўна дзеліцца сваёй творчасцю і разважаннямі пра “русафобаў і празаходніх лібералаў”. «Непадзельна люблю Белую Русь, Вялікую Русь і Украінскую ССР узору 1922-1991 года», — адзначае ён.
Сярод вершаў, напісаных Піваваравым – творы “Забудзься пра нягоды ў абдымках маіх…”, «Вершы, як караблі» і «Абрад начной жрыцы».
По пятницам особенный настрой:
Он отдых от работы предвещает.
А солнце, улыбнувшись, обещает,
Что день сегодня чудный будет твой.Фрагмент верша «О пятнице» Руслана Піваварава
Як запэўнівае Півавараў, яго вершы «не аднойчы публікаваліся ў друкаваных выданнях».

Прапагандуе гендарныя стэрэатыпы і атрымлівае за гэта дыпломы
Публіцыстка з Смаргоні Галіна Антонава працуе ў праўладнай газеце “Светлы Шлях”. Сярод тэкстаў, напісаных Антонавай, ёсць нататка пра жанчыну-кіроўцу пад назвай “Бландынка за рулём – не гераіня коміксаў”. Пісала Антонава і нарыс, прысвечаны настаўніцы смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў. Тэкст называецца “Дзеці – самае вялікае дасягненне жанчыны”.

У 2021 годзе Антонава стала лаўрэатам абласнога конкурсу імя Дубко і атрымала дыплом за дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.



