Гродзенскі аўтапарк плануе адмовіцца ад кампосцераў у грамадскім транспарце, замяніўшы іх на сучаснае абсталяванне. Аплачваць праезд можна будзе банкаўскай карткай. Не ўсе гродзенцы аднесліся да ідэі з захапленнем. Hrodna.life паглядзеў, што пішуць гараджане ў сацсетках і даведаўся, у якіх гарадах Беларусі ўжо рэалізавалі новую сістэму аплаты.
Гродзенцы: «Гэтыя страшэнныя металічныя гаргары усё ж прыбяруць?»
Некаторыя гродзенцы хвалюцца, як сталыя людзі, у якіх няма банкаўскіх картак, змогуць аплачваць праезд пасля ліквідацыі кампосцераў. «Аб пажылых і пенсіянерах ніхто не думае», — напісала Ірына.
Тое ж пытанне турбуе і Святлану. «А як быць старычкам, людзям з ускладненнямі здароўя?» — цікавацца жанчына.
«Шчыра запрашаем у электронны канцлагер. А што рабіць, калі ў каго няма банкаўскай карты?» — пытаецца Лідзія.




Ёсць сярод гродзенцаў і тыя, хто не бачаць у інавацыі неабходнасці і лічаць, што прыбіраць старыя кампосцеры не трэба.
«А мне наадварот падабаецца. Напрыклад, я выпадковы госць горада і трапляю ў грамадскі транспарт. І няхай я нават з іншай краіны. Моўчкі даю кіроўцу некаторую суму грошай. Ён возьме колькі трэба. Дасць білет. Я інтуітыўна стану шукаць сканер ці кампосцер. Ну ці назіраць за іншымі пасажырамі і спрабаваць улавіць сутнасць што рабіць з гэтым білетам. А тут аказваецца трэба нейкі дадатак, які трэба спампаваць, папоўніць баланс і потым праз яго аплаціць праезд», — лічыць Дзмітрый.
Адна з удзельніц абмеркавання цікавіцца, што рабіць у выпадках, калі на банкаўскай картцы грошаў няма, але ёсць наяўныя. «Скарбонку паставіце і рулончык талончыкаў і кандуктара, як наглядчыка? Прадумалі, нічога не скажаш», — лічыць жанчына.
Іншыя ўдзельнікі абмеркавання з радасцю аднесліся да навіны пра ліквідацыю кампосцераў.
«Гэтыя страшэнныя металічныя гаргары прыбяруць усё ж такі?! Няўжо, даўно трэба было прыбраць гэты жах», — напісаў Юрый.
«Счытвальная прылада нашмат зручней кампосцера. Нарэшце мы прагрэсіруем у гэтым», — адзначыла Людзміла.
Як будзе працаваць новая сістэма аплаты праезду ў транспарце
Новаўвядзенне плануюць увесці да 85-годдзя гродзенскага аўтапарка. Да канца 2024 года выканаюць тэхнічнае абгрунтаванне праекту, а пасля пачнуць закупляць абсталяванне для счытвання картак.
Як правіла, у грамадскім транспарце ўсталёўваюць адразу два апараты: першы — для аплаты праезда карткай, другі - для валідацыі папяровых талончыкаў.


Для таго каб аплаціць праезд у электронным выглядзе, дастаткова прыкласці банкаўскую картку да апарата і дачакацца гукавога сігналу.
Электронны валідатар працуе па такім жа прынцыпе, як і механічны. Толькі цяпер не прыйдзецца націскаць на кнопку — апарат самастойна надрукуе дадзеныя з часам і датай паездкі на талоне.
Чытайце таксама: Як гродзенскія кантралёры могуць заблакаваць пакупку талончыка ў прыладзе ў апошні момант
Гродна — адзін з апошніх абласных цэнтраў, дзе яшчэ ёсць старыя кампосцеры
Першым беларускім горадам, дзе мясцовыя ўлады вырашылі адмовіцца ад старога тыпу кампосцераў, стаў Мінск. Аўтаматычную сістэму кантролю аплаты там увялі яшчэ ў 2014 годзе. На сённяшні дзень электронныя валідатары ўсталяваны ва ўсіх відах сталічнага транспарту.
Наступным абласным цэнтрам стаў Брэст. Прылады для аплаты ўсталявалі ў эксперыментальным фармаце ў 2023 годзе. У Гомелі і Магілёве тэсціраваць новую сістэму аплаты пачалі ў студзені-лютым 2024 года.
Апошнімі абласнымі цэнтрамі, дзе ў грамадскім транспарце адсутнічае электронная сістэма аплаты, стаў Гродна і Віцебск. Пакуль пасажыры гэтых гарадоў могуць карыстацца плацежнай сістэмай па QR-коду «Аплаці».