У Гродзенскім заапарку нарадзілася малая ў кітайскіх мунтжакоў. Яна з’явілася на свет яшчэ 27 верасня, але спецыялісты заапарка баяліся за здароўе аленяняці і расказалі пра яго толькі зараз.

Для назірання за нованароджанай нават усталявалі фотапастку. Назіранні паказалі, што дзяўчынка нарадзілася здаровай. Нягледзячы на ​​першыя роды, мунтжакі Волечка і Алежак паводзілі сябе як дасведчаныя бацькі.

Кітайскі мунтжак (Muntiacus reevesi) — невялікі алень з кароткімі рагамі простай будовы. У самцоў з пашчы выступаюць разцы, якімі яны раняць адзін аднаго пры канфліктах. Хвалюючыся, алені выдаюць гук, падобны да брэху. Мунтжакі мецяць тэрыторыю вачыма — каля іх знаходзіцца залоза з пахкім сакрэтам. Насяляюць Паўднёвы Кітай і востраў Тайвань. Від завезлі ў Англію і Уэльс, дзе алені прыжыліся ў дзікай прыродзе. У няволі жывуць 16−18 гадоў, у прыродзе — не больш за 10.

Аленяня назвалі Эля. Яна ўжо падрасла і паступова пераходзіць з матчынага малака на дарослую ежу. На вуліцу аленяня пакуль не выходзіць — прахалодна, і бацькі не пускаюць. Наведвальнікі змогуць убачыць яе ў вулічным вальеры, калі аленяня падужэе.

Аленяня кітайскіх мунтжакоў. Крыніца: канал Гродзенскага заапарка

Алені - новенькія ў Гродзенскім заапарку

У апошні час новых жывёл для Гродзенскага заапарка вязуць з Расіі. Пара мунтжакаў з’явілася ў гродзенскім заапарку зусім нядаўна: самец у студзені, а самка ў красавіку 2023 года. Іх прывезлі з Парку птушак «Вераб'і» ў Калужскай вобласці.

У 2024 годзе з Масквы ў Гродна прывезлі двух джэйранаў (невялікія газэлі), самку японскага жураўля 2023 года нараджэння, канадскіх казарак, гусей-суханосаў і грызуноў. З Тулы прыехаў сінеязыкі цынк (аўстралійская яшчарка), шэрая горная каралеўская змяя і іншыя рэптыліі.

Чытайце таксама: У Гродзенскім заапарку ратуюць птушак. Як яны туды пападаюць?