Настаяцельніца Гродзенскага Ражджаства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ігумення Гаўрыіла (Марыя Глухава) атрымала грамату ад Арміі Расіі. Ёй дзякуюць за дапамогу вайскоўцам батальёна РЭБ (падраздзяленне радыёэлектроннай барацьбы), які ўдзельнічае ў захопніцкай вайне Расіі супраць Украіны.

Грамату ёй уручылі ў Расіі ў межах II Усерасійскага форума Сусветнага рускага народнага сабора ў Санкт-Пецярбургу, напісала прарасійская актывістка Вольга Бондарава ў сваім канале. Фота з мерапрыемства, у тым ліку з расійскімі вайскоўцамі, апублікаваў сайт гродзенскага манастыра. Праўда, пра грамату там не паведамілі.

Грамата ігуменні Гаўрыілы
Грамата ігуменні Гаўрыілы. Фота: канал Вольгі Бондаравай

Сусветны руски народны сабор — арганізацыя, створаная ў 1993 г. пад эгідай Рускай праваслаўнай царквы, прапагандуе ідэі «рускага свету». Так, на форуме «Рускій свет» у ліпені 2024 г. у Крыму арганізацыя абмяркоўвала «механізмы палітычнага, навуковага і прававога прызнання і замацавання дактрыны трыадзінства рускага народа», «мэты СВА ў кантэксце супрацьстаяння Расіі і калектыўнага Захаду, нацысцкі характар ​​кіеўскага рэжыму і вяртанне яе жыхароў у рускую цывілізацыйную прастору».

Форум у Пецярбургу праходзіў пад назвай «Фарміраванне нацыянальнай ідэі суверэннай Расіі». Гаўрыіла выступала там з расказам пра поспехі супрацоўніцтва дзяржавы і царквы ў Беларусі. Як прыклад яна прывяла рашэнне аб адкрыцці школ пры манастырах. Раней канал, звязаны з сілавікамі, паведамляў, што пры гродзенскім манастыры адкрыюць першы прытулак для дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў. Магчымасць стварэння такіх дзіцячых дамоў пры манастырах Беларусі ў 2024 годзе замацавалі заканадаўча.

Вясной 2024 года прапагандыстка Ксенія Лебедзева прывезла салдатам расійскага боку на Данбас дапамогу, якую сабрала ігумення Гаўрыіла, і лісты ад «гродзенскіх дзяцей». Пры гэтым летась Гаўрыілу занеслі ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці.

Чытайце таксама: У Гродне на Савецкай пройдзе праваслаўны фестываль. Яго арганізуе манастыр, які падтрымлівае вайну