Гродзенку Алесю Крук узнагародзілі за эфектыўнасць перадабортнага кансультавання. Яе адзначылі на конкурсе “садзейнічання прадухіленню штучнага перапынення цяжарнасці” для гінеколагаў, псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў. Ён прайшоў у Мінску напрыканцы кастрычніка.

Гродзенка прапагандавала адмову ад абортаў яшчэ ў 2018 годзе

Алеся Крук працуе ўрачом-псіхатэрапеўтам у гродзенскай гарадской паліклініцы №7. Спецыялістка прапагандуе адмову ад абортаў цягам амаль дзесяці гадоў. Так у 2018 годзе Крук сумесна з іерэем Аляксандрам Рудзінскім арганізавала выставу ў абарону ненароджаных немаўлят «Ратуй узятых на смерць». Экспазіцыю прэзентавалі ў гродзенскай сярэдняй школе №40.

Псіхолаг з Гродна адгаворвала ад абортаў. Яе ўзнагародзілі на конкурсе
Выстава “Ратуй узятых на смерць” у гродзенскай СШ №40. Фота: Гродзенскі цэнтр абароны
жыцця і сям’і “РадзіМа”.

Цяпер на базе паліклінікі №7 Крук вядзе “Школу будучых бацькоў“. Сярод апошніх мерапрыемстваў, праведзеных школай – кансультацыі псіхолагаў для цяжарных і сямейнае свята, якое прайшло ў рамках Рэспубліканскага тыдня бацькоўскай любві.

“Прафілактыку абортаў” будуць прасоўваць і надалей

Агулам дыпломы ўручалі ў чатырох катэгорыях. Акушэрам-гінеколагам за тое, што яны захавалі цяжарнасць у жанчын, якія планавалі зрабіць аборт. Псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў узнагароджвалі за перадабортнае кансультаванне.

На мерапрыемстве прысутнічаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Святар лічыць, што такія конкурсы аб’ядноўваюць людзей, якія “бачаць важнасць працэсу адраджэння традыцыйнай беларускай сям’і і ўмацаванне яе”.

У сваю чаргу міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў дадаў, што “будзем старацца, каб конкурс стаў традыцыйным, а тэндэнцыя прафілактыкі абортаў працягвалася”.

Арганізатар супрацоўнічае з тымі, хто падтрымлівае вайну

Конкурс “Святасць нараджэння” праходзіць другі год і курыруецца дабрачынным фондам “Пакроў”. Адна з асноўных мэт фонду — правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне традыцыйных адносін у сем’ях, перадабортную дзейнасць і дапамогу шматдзетным.

Так у 2022 годзе “Пакроў” праводзіў Славянскі форум сем’яў – мерапрыемства павінна было ўмацаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

А ў 2024 годзе сумесна са Свята-Елісавецінскім манастыром “Пакроў” правёў міжнародны маладзёжны форум. Галоўнай мэтай мерапрыемства стала інфармаванне моладзі аб каштоўнасці сям’і і неабходнасці ўступлення ў шлюб.

Чытайце таксама: У Гродне на фестывале ад Свята-Елісавецінскага манастыра збіралі грошы на дапамогу Данбасу

Нараджальнасць у Беларусі падае, але вырашыць праблему ўлады не могуць

Пачынаючы з 2019 года паказчык нараджальнасці ў Беларусі пачаў падаць на 10% кожны год. Аб праблеме загаварылі чыноўнікі – яны выказвалі асцярогі, што ў хуткім часе ў краіне “не будзе каму працаваць”. А таксама адзначалі, што механізмы, распрацаваныя для павышэння нараджальнасці, не працуюць.

У верасні 2024 года быў апублікаваны праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі. У дакуменце адзначаецца, што ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе акцэнт будзе рабіцца на “стварэнне ўмоў для ўстойлівага дэмаграфічнага развіцця”. Новыя пакаленні плануюць выхоўваць такім чынам, каб “шматдзетная сям’я разглядалася як каштоўнасць, сэнс і норма жыцця”.