Жыхар Гродна праводзіў экскурсіі без рэгістрацыі як індывідуальны прадпрымальнік. Гэта палічылі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Справу адправілі ў эканамічны суд Гродзенскай вобласці.

Мужчына дамовіўся на правядзенне экскурсій на адной з інтэрнэт-платформаў. Ён правёў для турыстаў дзве экскурсіі 31 жніўня і 11 верасня ў Гродне. За дзве экскурсіі гродзенец атрымаў 220 рублёў. Але дзяржрэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка ў яго не было. Значыць, ён ажыццяўляў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. За гэта яго судзілі ч.2 арт. 13.3 КаАП, піша БелТА.

Мужчына прызнаў віну. Яго аштрафавалі на дзве базавыя велічыні (80 рублёў) з канфіскацыяй 100% атрыманага даходу. Раней яго за падобнае не судзілі.


З 1 студзеня 2023 года пачалі дзейнічаць новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць адпаведную атэстацыю. Паводле інфармацыі Hrodna.life, улады рэгулярна пазбаўляюць ліцэнзіі нават вопытных гідаў.

Таксама экскурсавод можа не прайсці атэстацыю ў выпадку грубага парушэння прафесійных і этычных патрабаванняў. Ім забароняць займацца экскурсійнай дзейнасцю, нават калі з іх знялі судзімасць або спынілі пераслед.

Чытайце таксама: Будуць караць за адступленне ад тэмы. Як працуюць новыя правілы праверкі экскурсаводаў