У Гродне асірацела дзіця, у якога не было іншых сваякоў. Хлопчык мусіў трапіць у дзіцячы дом, але нечакана ў яго знайшоўся бацька. А ці цяжка аформіць усынаўленне без экспертызы?

Мужчына, які некалькі гадоў таму сустракаўся з маці хлопчыка, звярнуўся ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці, каб праверыць бацькоўства.

Чытайце таксама: Удалы пошук бацькi па ДНК і радавод да дзявятага калена. Як беларусы знаходзяць інфу пра продкаў (бонус — лайфхакi, з чаго пачаць)

Маці хлопчыка трагічна загінула — што менавіта з ёй адбылося, у камітэце судмедэкспертыз не удакладнілі. Мужчына даведаўся, што ў дзіцяці не засталося іншых сваякоў, і вырашыў спраўдзіць бацькоўства праз ДНК-экспертызу. Дзяржаўныя медыцынскія судовыя эксперты-біёлагі пацвердзілі біялагічнае бацькоўства мужчыны да дзіцяці.

Ці мог мужчына проста забраць дзіця?

Нават калі ён ведаў, што з’яўляецца бацькам, але не быў ім запісаны, забраць сына афіцыйна было б не так проста. У Беларусі для ўсынаўлення прадугледжана абавязковая псіхалагічная дыягностыка і падрыхтоўка кандыдатаў ва ўсынавіцелі, трэба прайсці экспертызы і сабраць шэраг дакументаў.

Што трэба, каб усынавіць дзіця?

Усынавіцелямі ў Беларусі могуць стаць асобы, якія пастаянна пражываюць у краіне, незалежна ад грамадзянства. З 2020 года Нацыянальны цэнтр усынаўлення выпусціў новую праграму падрыхтоўкі, з вочнай і дыстанцыйнай формай навучання.

Усынавіцелямі могуць быць дзеяздольныя мужчына ці жанчына ў шлюбе. Ён ці яна павінны падаць:

  • пашпарт;
  • пасведчанне аб шлюбе;
  • медыцынскія даведкі аб стане здароўя;
  • даведкі з месца працы аб пасадзе і зарплаце за папярэдні да планаванага ўсынаўлення год;
  • дакумент, які пацвярджае права карыстання і права ўласнасці на жылое памяшканне па месцы жыхарства;
  • дакумент аб адсутнасці судзімасці.

Каб атрымаць медыцынскае заключэнне аб прыдатнасці ва ўсынавіцелі, трэба прайсці ўрачоў:

  • дэрматолага-венеролага;
  • лекара-псіхіятра;
  • нарколага;
  • фтызіятра;
  • тэрапеўта.

Таксама патрэбны:

  • аналіз крыві на рэакцыю Васэрмана;
  • агульны аналіз крыві;
  • аналіз мачы;
  • ЭКГ і флюраграфія лёгкіх.

Пасля гэтага ўчастковы тэрапеўт выдасць заключэнне, якое трэба будзе запэўніць у загадчыцы паліклінікі.

Усынавіцелямі не могуць стаць людзі, якія хварэюць на алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, а таксама тыя, у каго ўсынаўленне было адменена праз неналежнае выкананне абавязкаў. Таксама не дапускаюцца асобы, якіх адхілілі ад абавязкаў апекуна, асуджаныя за наўмысныя злачынствы, тыя, чыім дзецям прызналі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Муж і жонка, адзін з якіх прызнаны недзеяздольным, таксама не могуць усынавіць дзіця, як і тыя, у каго няма сталага жытла, якое адпавядае санітарным патрабаванням. Не змогуць усынавіць асобы без прыбытку, які забяспечвае дзіцяці пражытачны мінімум.

Чытайце таксама: «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме». Псіхолаг Вольга Вялічка напісала кнігу пра свет, якім бачаць яго дзеці палітвязняў