Прэм’ера дакументальнага фільма-споведзі дзвюх беларусак, што маюць у досведзе рак грудзей, адбылася 12 кастрычніка ў Варшаве. Падзею прымеркавалі да Міжнароднага дня барацьбы з ракам малочных залозаў. Гэты дзень адзначаюць 15 кастрычніка. Зараз фільм можна пабачыць анлайн. Аўтаркі фільма, журналістка Ірына Новік і псіхалагіня Вольга Вялічка, расказалі для Hrodna.life пра гэты праект.
Удзельнікі і ўдзельніцы прэм’ернага паказу фільма “Каця і Каця. Пра рак, рэмісію і жаночыя мары” ў Варшаве, 12 кастрычніка
Пра “пасля лячэння” мала хто гаворыць
“Калі гаворка ідзе пра рак, то часцей за ўсё мы бачым інфармацыю, як людзі захварэлі і як яны праходзяць праз лячэнне, – расказала для Hrodna.life псіхалагіня Вольга Вялічка. – Пра тое, як цяжка ці не вельмі цяжка праходзіць хіміятэрапія ці іншыя медыцынскія працэдуры. Праз гэта ў людзей, якія самі з захворваннем не сутыкаліся, складаецца ўражанне, што рак – гэта хімія, боль і ты лысы. Альбо адразу ў магілу. Такія “варыянты”.
Каб гэта стаўленне змяніць, варта больш паказваць гісторыі людзей, якія перахварэлі і ўвайшлі ў рэмісію”. Такія людзі ўжо іншымі вачыма глядзяць на сваю хваробу і на сябе. Яны могуць распавесці пра рак не з пункту гледжання фізічных пакутаў, але пра тое, як хвароба змяняе стаўленне да жыцця, сям’і, асяроддзя. Як рак калібруе прыярытэты. Бо ў той перыяд, калі цела ўжо адстройваецца, чалавек здольны расказаць, праз якія думкі, адчуванні і страхі праходзіў, як гэта хвароба змяніла не толькі цела, але і стаўленне да жыцця”.
Вольга Вялічка, псіхалагіня, аўтарка фільма “Каця і Каця. Рак, рэмісія і жаночыя мары”. Фота Макс Моррыссан
Рак – гэта не пра хваробу, гэта пра асобу
“Для мяне гісторыі Каці і Каці – не пра хваробу, – кажа журналістка Ірына Новік. – Яна – толькі нагода больш уважліва паглядзець на людзей. На тое, як жанчыны шукаюць новыя спосабы жыць, нанова ўсведамляць сябе і свет, знаходзяць новыя сэнсы існавання. Гэты фільм пра тое, што з аднаго боку – жыццё пасля раку ўжо ніколі не будзе ранейшым. А з іншага – што яно такі насамрэч ёсць. Самае сапраўднае. Можа нават з больш шырокім дыяпазонам пачуццяў і эмоцый, з большым усведамленнем каштоўнасці кожнай жыццёвай дробязі, з яснейшым бачаннем сябе і свету навокал”.
Ірына Новік, журналістка, аўтарка фільма “Каця і Каця. Рак, рэмісія і жаночыя мары”. Фота Макс Моррыссан
Пра рак трэба ведаць
“Рак – гэта звычайная хвароба, – распавёў для Hrodna.life лекар Станіслаў Салавей пасля прагляду фільма. – Такая самая, як дыябет ці гіпертанія. Трэба ведаць, што рак ёсць, ведаць пра фактары рызыкі, магчымасці прафілактыкі і спосабы лячэння. Анкалогія займае другое месца ў шэрагу прычын смяротнасці ў Беларусі. Таму рак – гэта не тая тэма, якой трэба баяцца ці саромецца абмяркоўваць”
“Я вельмі цешуся, што нам удалося зняць гэты фільм, – працягвае Вольга Вялічка. – Здаецца, гэта першая стужка пра тое, як беларускія жанчыны пераадольвалі рак малочных залозаў у эміграцыі. Паглядзець фільм раю не толькі тым, хто асабіста сутыкнуўся з анкалагічнымі захворваннямі. Тое, што расказалі гераіні, важна пачуць усім, каб яшчэ раз падумаць пра канечнасць жыцця, уласныя прыярытэты, планы і мэты”.