Узровень сэрвісу ў Гродне — ганебны, лічыць мінскі мастак Уладзімір Шаркоў. Такое меркаванне мужчына выказаў наўздагон да свайго нядаўняга паста ў Faceebok-групе «Гродно», дзе ён паскардзіўся на адсутнасць прыстойных кафэ ў горадзе. І гэтым разам гродзенцы не праігнаравалі выказванне Шаркова.

Гродну варта павучыцца ў Літвы і Польшчы

Мінчанін лічыць, што пакуль усё беларускае грамадскае харчаванне — сумнае відовішча. Аднак гродзенцы, на яго погляд, маглі б старацца крыху лепш.

«Калі і Польшча, і Літва побач, калі гродзенцы не аднойчы бывалі і там, і там, наведвалі літоўскія і польскія кропкі грамадскага харчавання, мець узровень таго, што ёсць у Гродне — гэта проста ганебна», — заявіў Шаркоў.

Мастак лічыць, што прадаўшчыца сувеніраў на вуліцы Савецкай, а менавіта яна рэкамендавала Шаркову ўстановы харчавання ў Гродне, — дала самую слушную параду.

«На жаль, мусіць яна мае рацыю, калі раіла групе турыстаў пайсці паесці ў… „Адэса-мама“!» — дадаў мужчына.

Чытайце таксама: Блогерка з Расіі прыйшла ў кафэ на даху гродзенскага ЦУМа і выклікала хвалю гнеўных водгукаў

Удзельнікі абмеркавання: «Адчуванне, што вы проста вылузваецеся»

Гродзенцы адказалі Шаркову і гэтым разам. Алена не разумее, навошта мінчанін параўноўвае Гродна з Літвой і Польшчай. «Самабытны выдатны горад. Калі аб гастратуры гаворка ідзе, то не гэты кірунак трэба было абіраць — атмасфера ў Гродне не пра гастра, але і ўстаноў прыстойных таксама хапае», — напісала дзяўчына.

Таццяна лічыць, што мастак не зусім разумее, аб чым кажа. «Вы арыентуецеся толькі на свой густ і перавагі. Але не напісалі, што канкрэтна хацелі бы бачыць? Якія месцы вы наведалі і якія стравы пакаштавалі? Што дакладна вам не спадабалася? Такое адчуванне, што вы проста вылузваецеся і зусім не разбіраецеся ў якасці прыгатаваных страў», — адзначыла дзяўчына.

Таццяне ўвогуле падалося, што Уладзімір займаецца «бруднай прапагандай». «І адкуль гэта цягнецца — зразумела. Колькі вам заплацілі? Пару дзён таму вячэралі ў невялікай установе „Тракцір“, на вуліцы Кірава, усё было смачна, што заказвалі, усе столікі былі заняты. Абстаноўка, дызайн, абслугоўванне і кухня — проста выдатна. Я магу шмат месцаў пералічыць, дзе можна смачна і даступна па коштах паесці. Так што не кажыце лухты пра Гродна!» — абурылася Таццяна.

Карыстальнік пад нікам Nick Nick дадае, што ў Гродне ўсё на найвышэйшым узроўні. «Быў у Гродне сёлета ўлетку. Мае прыяцелі і я сам захапляліся якасцю і смакам, ветлівым абслугоўваннем. А пра чысціню і слоў няма. Былі ў Літве і Польшчы. Гродна на парадак вышэй», — рэзюмуе малады чалавек.

Чаму гродзенцы неўзлюбілі Шаркова і параілі яму больш не прыязджаць у горад

У канцы верасня мінскі мастах Уладзімір Шаркоў апублікаваў пост, у якім паскардзіўся на адсутнасць прыстойных устаноў у Гродне. Затое мужчыну парадавала адсутнасць міліцэйскіх патрулёў, а таксама ЛГБТ-асобы, якія адкрыта гуляюць па гораду.

Публікацыя Уладзіміра сабрала амаль 200 каментароў. Большасць удзельнікаў абмеркавання адзначылі, што мінчанін апісаў быццам іншы Гродна, які слаба адпавядае рэальнасці. Гродзенцы склалі для Шаркова спіс добрых устаноў, а таксама параілі больш не прыязджаць у госці.