Крама з каляднай атрыбутыкай і цацкамі адкрыецца ў Гродне. Аб гэтым распавяла ў Instagram яго ўладальніца гродзенская блогерка Яўгенія Тарасенка (jennie.t). Сезонная крама будзе працаваць па адрасе Савецкіх Пагранічнікаў, 57.
UPD. Пачаткова ў гэтым матэрыяле быў некарэктна пададзены адрас новай крамы — Кірава, 18. Насамрэч, у гэтым памяшканні знаходзіцца крама Яўгеніі з прысмакамі. Новая крама будзе па іншым адрасе — Савецкіх Пагранічнікаў, 57.
Свечкі, цацкі і пернікавыя домікі: што з’явіцца ў краме гродзенкі
Згодна з публікацыяй Яўгеніі, у наяўнасці з’явяцца ялінкавыя цацкі, а таксама элементы дэкору для дома — калядныя вянкі, свечкі і пернікавыя домікі.
Гродзенка абяцае, што адкрыццё адбудзецца зусім хутка, а крама будзе напоўнена «непаўторнай навагодняй атмасферай і самымі чароўнымі таварамі».
Упершыню сваю калядную краму Яўгенія Тарасенка адкрыла летась — 1 кастрычніка 2023 года. Але тады яна знаходзілася на Кірава, 18. Цяпер там іншая крама Яўгеніі з па-за сезонным асартыментам.
Чытайце таксама: У новым доме на Савецкіх Пагранічнікаў 57 ужо з’явіліся расколіны і шчыліны
Што можна набыць у краме Яўгеніі ўжо зараз?
Яўгенія называе сваю краму на Кірава — «крамай прысмакаў» і адзначае, што ў ёй можна знайсці незвычайныя саладосці і тэматычныя падарункі.
Сярод сталых тавараў, якія прапануе дзяўчына — саладосці папулярных марак накшталт Nestle, снэкі з незвычайнымі смакамі і «гіганцкія» мармеладкі. Ёсць у краме і прадукцыя вытворцаў з Азіі - лапша хуткага прыгатавання, чыпсы з норы і соевыя закускі.
Хто такая Яўгенія Тарасенка
Дзяўчына жыве ў Гродне і актыўна развівае свой блог — зараз у яе Instagram амаль 600 тысяч падпісчыкаў.
Разам са сваім мужам Алегам Тарасенка яны здымаюць агляды на гродзенскія ўстановы, рэкламныя ролікі, а таксама актыўна публікуюць фота з падарожжаў.
Яе крама jennie.t_home на Кірава раней мянялася ў залежнасці ад сезону. Напрыклад, да 14 лютага там быў асартымент падарункаў для закаханых. Побач з крамай ёсць фотазона, якая таксама мяняецца ў залежнасці ад сезону. Але цяпер святочная крама будзе працаваць па асобным адрасе.