Гарвыканкам Гродна і райвыканкамы Ліды і Смаргоні ўжо ўзгаднілі падачу цяпла. Ацяпленне з 7 кастрычніка пачнуць даваць у кватэрах і дзяржаўных установах.
Ацяпленне ў Гродне дадуць ва ўсе дамы і кватэры. А таксама ў інтэрнаты, каледжы, вну, тэатры, музеі, гасцініцы, агульнагарадскія лазні, бібліятэкі і архівы, паведамляюць у Telegram-канале Гродзенскага гарвыканкама.
Таксама ацяпленне ў кватэрах і ўстановах дадуць у Лідзе і Смаргоні.
Пры павышэнні сярэднясутачных тэмператур паветра вышэй за +8 ° С ацяпляць памяшканні будуць у рэжыме прапальвання, паведамляе Гроднаэнерга.
У мінулым годзе ацяпленне далі 10 кастрычніка. Згодна з абноўленымі ў пачатку 2024 года нормамі, каб уключылі ацяпленне ў кватэрах, сярэднясутачная тэмпература на працягу трох сутак запар павінна быць +8 ° С і ніжэй. Раней трэба было чакаць і мерзнуць пяць дзён.