Студэнта з Гродна затрымалі за каментары. Па памілаванні на волю выйшаў 74-гадовы палітвязень Барыс Кучынскі са Слоніма. У Гродне адмянілі лекцыю пра магію — напярэдадні на яе паскардзілася Вольга Бондарава. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 30 верасня па 6 кастрычніка.
Цэнзура лістоў
Некалькі лістоў палітвязня Дзяніса Івашына і лістоў, адрасаваных яму, не прайшлі цэнзуру, паведаміла яго жонка Вольга. Таму ў перапісцы адбыўся перапынак.
У Гродне асудзілі айцішніцу, якая вярнулася ў Беларусь
Айцішніцу Лізавету Макрыдзіну пачалі судзіць 23 ліпеня паводле арт.342 ч. 1 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.
1 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе праходзіць абскарджанне справы Лізаветы Макрыдзінай. Суддзя — Аляксандр Козел. Гэта значыць, што прысуд ужо вынесены — які, пакуль невядома.
Лізавета працавала ў ІТ-кампаніі SENLA. У Польшчу, верагодна, з’ехала пасля пачатку вайны ва Украіне. Потым вярнулася ў Гродна і была затрыманая.
Мясцовы культурна-асветніцкі дабрачынны фонд «Кіслеў» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі
Пасяджэнне аб ліквідацыі па іску Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама прайшло 16 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Арганізацыя працавала з 2018 года. Яна была зарэгістравана на вул. Вялікая Траецкая, д. 59А — гэта адрас сінагогі ў Гродне — і прасоўвала яўрэйскую культуру і гісторыю.
Палітзняволенай Вольгі Маёравай дадалі тэрмін
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля ў сакавіку 2024 года над Вольгай Маёравай адбыўся суд паводле ч.2 арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі». Суддзя Ганна Сакалова прызнала жанчыну вінаватай і прызначыла ёй яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі.
Вольга ўжо адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 24 У Зарэччы, піша «Вясна».
Былыя палітвязні
Юрый Піваварчык з Ваўкавыска, Яўген Іваноўскі з Гродна 2 кастрычніка прызнаны былымі палітзняволенымі.
Новая экстрэмісцкая інфармацыя
Суд Ленінскага раёна Гродна 1 кастрычніка прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал «КАРБАЛЕВИЧ».
Па памілаванні на волю выйшаў 74-гадовы палітвязень Барыс Кучынскі са Слоніма
74-гадовы Барыс Кучынскі, палітвязень са Слоніма, выйшаў на волю па памілаванні з бабруйскай калоніі № 2. Пра гэта паведамляе «Медыязона» са спасылкай на знаёмых з сям’ёй Кучынскага.
Мужчына быў вызвалены 20 жніўня, аднак гэтая інфармацыя стала вядомая толькі цяпер.
Кучынскага асудзілі 10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна на тры гады хатняй хіміі за «абразу прадстаўніка ўлады» і «незаконныя дзеянні з персанальнымі звесткамі». Падставай для абвінавачвання стаў лайк у «Аднакласніках» пад пастом аб участковым інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктары Лутчанка ў пабліку «Гродненская область. Перемен».
Кучынскаму таксама быў прызначаны штраф у памеры 4 800 рублёў і кампенсацыя маральнай шкоды міліцыянту Лутчанку на суму 5 000 беларускіх рублёў.
Першапачаткова дзяржабвінавачанне патрабавала два гады пазбаўлення волі. Пасля апеляцыі, пададзенай пракуратурай, Гродзенскі абласны суд у студзені 2023 года змяніў прысуд, прызначыўшы Кучынскаму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Новыя «экстрэмісты»
Рукшта Юрый Міраслававіч і Бародзіч Аляксандр Віктаравіч з Гродна 4 кастрычніка папоўнілі спіс «экстрэмістаў».
Жыхара Гродзенскай вобласці затрымалі за каментары ў адрас сілавікоў
Аб гэтым паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Сілавікі выклалі «пакаяннае відэа» з 45-гадовым жыхаром Гродзенскай вобласці, дзе ён кажа, што пакідаў каментары ў Telegram-чаце. Яму пагражаюць трыма крымінальнымі справамі.
У Гродне адмянілі лекцыю пра магію — напярэдадні на яе паскардзілася Вольга Бондарава
У пабе Harats на Карла Маркса, 24 адмянілі «Вечар беларускай магіі», запланаваны на нядзелю, 6 кастрычніка. Весці яго павінна была біблеістка, філосаф, супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Дубянецкая. Напярэдадні ў сваім Telegram-канале на даследчыцу паскардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава.
Футбаліста «Нёмана», які пнуў банер у час матчу, дыскваліфікавалі
Нападнік «Нёмана» Ягор Зубовіч не выйдзе на футбольнае поле ў наступнай гульні. Яго дыскваліфікавалі на адзін матч за інцыдэнт з банерам, які адбыўся 29 верасня. Тады футбаліст раззлаваўся і пнуў шчыт з надпісам «80 лет освобождению от немецко-фашистских захватчиков». Ён прабіў у банеры дзірку — эпізод трапіў на тэлебачанне.
Працяг гісторыі з плантацыяй цыбулі нямецкага дэпутата пад Лідай
Стала вядома імя чалавека, які падпісваў дагавор падраду з ТАА «Цыбулька-Бел», каб пастаўляць зняволеных для працы на гаспадарцы. Reform.news апублікаваў адказы на шэраг пытанняў, якія тычыліся расследавання аб бізнесе нямецкага ўльтраправага дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ёрга Дорнаў у Лідзе. Hrodna.life прыводзіць асноўныя тэзісы публікацыі.
Прадстаўнік РПЦ, які раней ездзіў у Марыупаль, зладзіў тур па Гродзенскай вобласці
Студэнты ГрДМУ сустрэліся са святаром Рускай праваслаўнай царквы архімандрытам Мелхіседэкам (Арцюхіным). Заехаў святар і ў Лідскую дзіцячую школу мастацтваў — там ён сустракаўся з прыхаджанамі храмаў Ліды. У сваіх інтэрв'ю Мелхіседэк распавядаў, што раней наведваў шпіталь у Марыупалі, дзе знаходзіліся расійскія ваенныя.
Студэнта з Гродна затрымалі за каментары
Студэнта чацвёртага курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы затрымалі за каментары. У іх ён нібыта ўхваліў дзеянні нападніка на міліцыянта ў Магілёве. Што хлопец напісаў, не паказалі.