Сёлета зімой гродзенцы не змогуць пакатацца на цюбінгах у межах горада. Чыноўнікі гарвыканкама правялі маніторынг і вырашылі, што ў Гродне няма бяспечных месцаў, дзе можна было б зрабіць трасу для катання. Раней гараджанам абяцалі новую трасу непадалёк ад цэнтру.

Каб пакатацца на цюбінгу, зноў давядзецца ехаць у Каробчыцы

У Гродне няма месцаў, якія адпавядаюць бяспецы і тэхнічным умовам для катання на цюбінгу — такую выснову зрабілі чыноўнікі пасля маніторынгу горада.

«Тут шэраг нюансаў, якія не дазваляюць бяспечна абсталяваць такія трасы. А тых, хто любіць цюбінгі і горныя лыжы, запрашаем у парк „Каробчыкі Алімп“», — паведаміў у эфіры «Гродна Плюс» начальнік аддзелу спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Сяргей Кулакоў.

Замест цюбінгаў гродзенцам абяцаюць 30 лядовых пляцовак, а таксама лыжныя трасы ў Румлёўскім парку і ў Пышках, працягласцю больш за кіламетр.

Трасу планавалі абсталяваць да зімовага сезону

Мінулай зімой чыноўнікі абяцалі гродзенцам, што ў горадзе з’явіцца цюбінгавая траса. Яе планавалі пабудаваць акурат да зімняга сезону 2024−2025 года.

Тады намеснік начальніка аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Дзмітрый Брычак прызнаваў, што праблема з наяўнасцю трасы для катання на цюбінгу стаіць востра.

«У сувязі з гэтым распрацоўваецца пытанне пабудовы ў горадзе спецыялізаванай трасы для цюбінгу ў самым размяшчэнні горада», — адзначаў ён.

Пытанне з абсталяваннем новай трасы паўстала пасля таго, як шасцігадовая дзяўчынка атрымала сур’ёзныя траўмы на горцы з трамплінам у Альшанцы.

Але ў сезоне 2024−2025 траса для цюбінгаў у «Каробчыцкім Алімпе» застанецца адзінай абсталяванай у ваколіцах Гродна.