Студэнты ГрДМУ сустрэліся са святаром Рускай праваслаўнай царквы архімандрытам Мелхіседэкам (Арцюхіным). Заехаў святар і ў Лідскую дзіцячую школу мастацтваў — там ён сустракаўся з прыхаджанамі храмаў Ліды. У сваіх інтэрв'ю Мелхіседэк распавядаў, што раней наведваў шпіталь у Марыупалі, дзе знаходзіліся расійскія ваенныя.

Размаўлялі пра сямейныя каштоўнасці і шлях да веры

Сустрэча са студэнтамі адбылася ў актавай зале гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. У час мерапрыемства святар распавёў пра свой шлях да веры, «закрануў шэраг жыццёвых тэм» і даў студэнтам некалькі парадаў, паведамляецца на сайце ГрДМУ.

Наведаў святар і Ліду. Сустрэча з гараджанамі праходзіла на базе дзіцячай школы мастацтваў. Для размовы абралі тэму «радасць веры», але публіцыст і багаслоў таксама гаварыў «пра сям’ю і сямейныя каштоўнасці», адзначаюць у Instagram-акаўнце Лідскай епархіі.

Наведваў Марыупаль і маліўся з расійскімі ваеннымі: чым вядомы Мелхіседэк

Святар з’яўляецца настаяцелям храма святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ясеневе (раён Масквы), а таксама прэс-сакратаром Сінадальнага аддзела па манастырах і манастве.

Ён часта дае інтэрв'ю і прымае актыўны ўдзел у рэлігійных праграмах, якія выходзяць на расійскім тэлебачанні. У лютым 2024 года ён адказваў на пытанне, як жанчыне правільна маліцца за мужа, які пайшоў на вайну супраць Украіны. «Самае галоўнае, каб малітва была ад душы. У нас няма нейкіх спецыяльных малітваў аб тым ці аб іншым, каб адна малітва дапамагала ад гэтага, а іншая — ад іншага», — адказаў ён.

У тым жа інтэрв'ю Мелхіседэк паведаміў, што ездзіў у марыупальскі шпіталь. А таксама адзначыў, што праўда — за Расіяй. «Часта задаюць пытанне: за кім праўда? Праўда, за намі. Чаму? Прывяду просты прыклад. У нас у Маскве (не ведаю, як у іншых гарадах) больш за дзесяць рэстаранаў, якія называюцца „Карчма“, „Тарас Бульба“. Цяпер пытанне: колькі часу ў Кіеве праіснаваў бы рускі рэстаран пад назвай „Ілля Мурамец“? А ў нас за паўтара года ні адзін рэстаран не зачыніўся, ні адзін не спалілі, нікога не забілі. Чаму? Шырокая руская душа…», — лічыць святар.

У лістападзе 2023 года на You-Tube-канале храма Пакрова прасвятой Багародзіцы з’явілася відэа пад назвай «Мы і вайна». У ім Мелхіседэк праводзіць службу разам з расійскімі ваярамі, якія вярнуліся з баявых дзеянняў ва Украіне.