Аб закрыцці начны клуб «Галактика» паведаміў у канцы верасня. 27 і 28 верасня там прайшлі развітальныя вечарыны. Памяшканне адыдзе да фітнес-клуба, размешчанага ў тым жа будынку. Абноўлены спартыўны клуб будзе працаваць 24/7.
«У мяне дзве навіны — кепская і добрая. Дрэнная для аматараў патусіць — я зачыніў „Галактыку“. Добрая для аматараў фітнесу — хутка мы сустрэнемся ў абноўленай палепшанай версіі Titan sport club», — падзяліўся ў відэа ў Instagram заснавальнік і саўладальнік «Галактики» і суседняга фітнес-клуба Titan Давід Ацьман. Абноўлены спартыўны клуб будзе працаваць 24 гадзіны ў суткі без выхадных, напісаў ён у Instagram.
Ацьман — 27-гадовы атлет, чэмпіён Еўропы па каратэ сеншы і музычны прадзюсер. У Titan ён сам праводзіць сілавыя трэніроўкі і займаецца кікбоксінгам і тайскім боксам.
Рамонт у памяшканні ўжо ідзе. Ён працягнецца каля месяца.





Начны клуб «Галактика» прапрацаваў больш за 10 гадоў. Там праходзілі дыскатэкі і канцэрты, квізы, арганізоўвалі банкеты і семінары, адзначалі гродзенскі Дзень вышыванкі і нават шылі ахоўныя маскі падчас пандэміі. У аднайменным забаўляльным цэнтры ёсць боўлінг-клуб на восем дарожак, адна з якіх абсталяваная для дзяцей, зала гульнявых аўтаматаў, спорт-бар, трэнажорная і фітнес-залы і салон прыгажосці.
«Вельмі шкада, лепей бы дыскатэкі былі😢», — напісала адна з каментатарак пад пастом Ацьмана. «Цяпер будзеце ў Базу ездзіць 😂», — напісала іншая ў адказ на заўвагу, што ў «Галактике» тусуецца ўся моладзь. «Гэта дзве добрыя навіны)», — упэўнена трэцяя каментатарка. Большасць рэакцый пад пастом аб закрыцці «Галактыкі» на карысць фітнес-клуба пазітыўныя.