Для Каложскай царквы ў Гродне распрацуюць заяўку на папярэднюю ацэнку і падрыхтуюць намінацыйнае дасье для ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што менавіта збіраюцца зрабіць.
Што трэба зрабіць, каб Каложу ўключылі ў спіс ЮНЕСКА?
Аўтар, якога шукаюць, павінен будзе:
- сфарміраваць агляд навукова-даследчых работ па гісторыі і гістарыяграфіі царквы,
- выявіць ключавыя матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці,
- вызначыць патэнцыйнае глабальнае значэнне,
- выявіць фактары, якія ўздзейнічаюць на аб’ект,
- распрацаваць апісанне сістэмы аховы аб’екта і кіравання ім.
Трэба распрацаваць усе матэрыялы ў адпаведнасці з патрабаваннямі Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, узгадніць іх, суправаджаць пры перадачы, карэктаваць і ўдзельнічаць у панэльных сустрэчах з экспертамі ICOMOS (Міжнародны савет па захаванні помнікаў і славутых месцаў).
Заяўку будуць распрацоўваць з 7 кастрычніка 2024 года па 6 сакавіка 2025 года. Яна ўключыць тлумачальную запіску з кароткай характарыстыкай, навукова-метадычнае абгрунтаванне работы па падрыхтоўцы заяўкі, тэкст заяўкі, альбом фотафіксацыі, картаграфічныя матэрыялы. Дакументацыя будзе на рускай і англійскай мовах.
Гродзенскі абласны цэнтр для забеспячэння дзейнасці арганізацый сферы культуры высвятляе лімітавы кошт заяўкі.
Пра ўключэнне Каложы ў спіс спадчыны ЮНЕСКА гавораць як мінімум з 2006 года. Акрамя Гродзенскай Барысаглебскай царквы, на ўключэнне прэтэндуюць Аўгустоўскі канал і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку.
Чытайце таксама: «Руіны не ўспрымаюць пазітыўна». Стары замак і Каложа атрымалі дыпломы на міжнародным архітэктурным конкурсе