Мастак з Мінска Уладзімір Шаркоў з’ездзіў у Гродна і выказаўся пра асаблівасці горада. Ён адзначыў, што ў Гродне ёсць натоўпы турыстаў, але прыстойных кафэ няма. Па горадзе, з яго словаў, вольна гуляюць ЛГБТ-асобы і амаль не сустракаюцца міліцэйскія патрулі. Выказванне Уладзіміра выклікала бурную рэакцыю гродзенцаў.
Уладзімір: «Няўжо ў Гродне няма прыстойных кропак харчавання?»
«Вярнуўся з Гродна ашаломлены. Натоўп турыстаў, але гэта чакана. А вось калі паесці раяць зайсці ў італьянскую піцэрыю, у кафэ „Адэса“, ды ў грыль-кафэ. Гэта спачатку збянтэжыла. Але калі рэкамендавалі наведаць кропку на вуліцы Ажэшкі, „Дранікі Гародні“ — збянтэжанасць узмацнілася. Няўжо ў Гродне няма прыстойных кропак грамадскага харчавання?», — пацікавіўся Уладзімір у Facebook-групе «Гродно».
Па словах мужчыны, рэкамендацыі яму давала «мясцовая жыхарка, што гандлюе сувенірамі на Савецкай».
Па Гродне гуляюць хлопцы ў калготках і амаль няма міліцэйскіх патрулёў
Уладзімір лічыць, што па вуліцах Гродна вольна гуляюць ЛГБТ-асобы. Такую выснову ён зрабіў таму, што ўбачыў на вуліцы Савецкай хлопца ў калготках. «Ну і побач з чыгуначным вакзалам у нядзелю раніцай пары трапіліся на вочы. Мабыць на рамантычны ўікэнд», — адзначыў Уладзімір.
Таксама мінчаніну падалося, што ў горадзе амаль няма міліцэйскіх патрулёў. «Толькі ўжо з’язджаючы на адным са святлафораў прыстроілася ззаду патрульная машына. Ды і тая павярнула кудысьці», — дадаў мужчына.
Менш чым за суткі публікацыя Уладзіміра набрала больш за 100 каментароў — гродзенцы абурыліся.
«Бакст», «Госці» і «Стары Лямус» — куды гродзенцы раяць зайсці на абед
Частка каментатараў параілі мінчаніну якасныя на іх думку ўстановы. «Кавярняў шмат, а паабедаць месцаў не так ужо і шмат. Зараз мне падабаецца рэстаран „Бакст“ і „Каралеўскае паляванне“», — напісала Наталля.
Аляксандр дадаў, што «Госці» на Замкавай — добрая ўстанова. «Дарэчы ў „Старым Лямусе“ добра гатуюць і інтэр'ер утульны», — дадаў ён.
Аляксей лічыць, што ўсе месцы, якія раілі мінчаніну, маюць даволі неблагую кухню. «Прынамсі раней „Дранікі“ былі проста па-за канкурэнцыяй, вельмі смачна. Ну і піцэрыя, калі гэта пра „Форна“ ці „Напалі“ — таксама вельмі прыстойная ўстанова», — адзначыў Аляксей.
Гродна — ціхі горад, але нарад АМАПа сустрэць можна
Наконт патрулёў меркаванні гродзенцаў раздзяліліся. Напрыклад, Марына лічыць, што ў горадзе «ціха і спакойна» — таму і ў міліцыі няма вялікай патрэбы.
Андрэй згадвае, што ўлетку часта купаўся на возеры Юбілейным. «Там увесь час нарад АМАПа і ДАІ на ўездзе. Нават калі народа няма патрулююць», — адзначыў ён.
Гродзенцы не вераць, што па горадзе вольна шпацыруюць ЛГБТ-асобы
Накот тэмы, звязанай з ЛГБТ-асобамі, гродзенцы, у асноўным, выказалі здзіўленне. «Нічога сабе!» — напісала Аксана. Такой жа думкі прытрымліваецца і карыстальнік пад нікам Den. «ЛГБТ у Гродне? Да ну?» — не паверыў мужчына.
Агулам гродзенцы параілі Уладзіміру больш не прыязджаць у горад, або карыстацца больш праверанымі крыніцамі, чым парады прадаўшчыцы сувеніраў.
«Гэта калі з зайздрасці сваю лыжку гаўнеца трэба пакласці», — падсумавала Эла.