У Гродне распачаўся сезон восеньскіх кірмашоў, на якіх фермеры і лясгасы прапаноўваюць сваю прадукцыю. Hrodna.life параўнаў цэны 2024 года з леташнімі і даведаўся, наколькі моцна падаражэлі гародніна, садавіна і саджанцы.
За год агуркі і памідоры падаражэлі ў два разы
Сёлета самы маштабны гандаль разгарнуўся на Індурскай шашы каля паркоўкі ля супермаркета «Маяк». Дробныя клубні бульбы аддаюць па 50 кап., больш буйныя абыдуцца ў 90 кап. Кошт памідораў - ад 2 да 4 руб. за кілаграм, а вось знайсці агуркі танней за 4 руб. праблематычна.
У 2023 годзе кілаграм бульбы на кірмашу каля ГЦ «OldCity» каштаваў ад 70 кап. да 1 рубля. Цана памідораў вар'іравалася ад 1 да 3 руб., цэны на агуркі стартавалі ад 2 руб.


Чырвоны перац патаннеў у паўтары разы
Сёлета перцы з кірмашу абыдуцца як мінімум у 2 руб. за кілаграм. Цыбуля, капуста і морква — прыкладна ў 1,5 руб. За кілаграм баклажанаў давядзецца аддаць 3 руб., а за радыску — 10 руб.
У 2023 годзе перац з кірмашу абышоўся бы ў 3,50 руб., а морква — у 85 кап.
Цана яблыкаў не змянілася
У 2024 годзе яблыкі прадаюць за 1 руб., больш прыгожыя плады каштуюць крыху даражэй. Такі ж кошт быў і летась — ад 1 да 2 рублёў за кілаграм.


Саджанцы трускаўкі, яблыні і грушы выраслі ў цане
Зараз набыць саджанцы аднаго кусціка трускаўкі можна за 1 руб., будучую яблыню за 15 руб., а дрэўца грушы — за 20 руб.
Летасць кусцік трускалкі абышоўся бы ў 50 кап., яблыня ў 12 руб., а груша — у 16 руб.